Джулі Фішэр прынесла прысягу ў якасці пасла ў Беларусі
Дыпламат Джулі Фішэр прынесла прысягу ў якасці кіраўніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Злучаных Штатаў у Беларусі, паведаміў на сваёй старонцы ў „Твітары” намеснік афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Кейл Браўн.
„Прызначанага пасла Джулі Фішэр сёння прывялі да прысягі ў якасці дыпламата высокага рангу ў Беларусі. Яна валодае глыбокімі ведамі і вопытам для гэтай працы, і нам пашанцавала, што яна будзе прадстаўляць жыццёва важныя інтарэсы ЗША за мяжой”, — напісаў ён.
15 снежня сенат Кангрэса ЗША зацвердзіў кандыдатуру Джулі Фішэр на пасаду новага пасла ў Беларусі. Трансляцыя пасяджэння вялася на сайце верхняй палаты амерыканскага заканадаўчага органа.
Дыпмісія ЗША ў Беларусі працуе без пасла з сакавіка 2008 года. Тады паміж Мінскам і Вашынгтонам разгарэўся дыпламатычны скандал, прычынай якога стала ўвядзенне амерыканскім бокам санкцый у дачыненні да Беларусі з-за грубых парушэнняў правоў чалавека. Па патрабаванні беларускага боку Менск пакінула пасол Карэн Сцюарт, штат пасольства быў максімальна скарочаны. Апошнія дзесяць гадоў дыпламатычныя місіі ў абедзвюх краінах узначальваюць павераныя ў справах.
4 сакавіка 2019 года Менск афіцыйна паведаміў Вашынгтону аб адмене абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства. Гэта адбылося на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Джорджам Кентам.
17 верасня таго ж года намеснік дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвід Хейл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Мінску заявіў, што бакі прынялі рашэнне аднавіць дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў.
20 красавіка 2020 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і Еўрапейскаму саюзу Джулі Фішэр кандыдатам на пасаду надзвычайнага і паўнамоцнага пасла ў Беларусі. У пачатку мая Трамп унёс яе кандыдатуру на зацвярджэнне сенату.
Пытанне аб адпраўцы амерыканскага пасла ў Беларусь будзе разгледжана пасля зацвярджэння сенатам Кангрэса ЗША прапанаванай кандыдатуры Фішэр на гэты пост, паведаміў Джордж Кент на брыфінгу 6 лістапада.
20 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла аб прызначэнні паслом Беларусі ў ЗША Алега Краўчанкі, які пакуль займае пасаду намесніка міністра замежных спраў.