Амаль праз стагоддзе здзейснілася мара пінчукоў



Сёлета галоўнай падзеяй для праваслаўных вернікаў Пінска і яго аколіц стала асвячэнне храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. У апошні кастрычніцкі дзень абрад правёў мітрапаліт Веньямін – гэта быў яго першы візіт у Пінскую епархію. Ажыццявіліся даўнія мары пінчукоў…

У лістападзе 1930 года ў нумары штотыднёвіка “Пад небам Палесся” апублікавалі ананімны ліст праваслаўнага жыхара Пінска. Гараджанін падзяліўся думкамі адносна святога месца – Лешча, дзе стаяў найстарэйшы на беларускіх землях манастыр.

(…) Мінула 25 гадоў з дня пажару старажытнейшага праваслаўнага храма Пінска. Улетку 1905 года ад маланкі згарэла Лешчынская Сята-Успенская царква, пабудаваная на месцы знакамітага Лешчынскага манастыра, у якім, паводле гістарычных дадзеных, у ХІ стагоддзі перабываў Пінскі мітрапаліт Якаў. Згодна з паданнем, манастыр гэты наведаў святы князь Уладзімір. Таксама паданне апавядае і пра тое, што Апостал Андрэй Першазванны быў на так званай Лешчынскай горцы. Гісторыя царквы шмат нам кажа, пра што нагадвае, і як радасна было б убачыць на гэтым святым месцы новы велічны храм, – з ліста пад подпісам “Міранін”.

Лешчанскі манастыр. Малюнак Напалеона Орды, 1875 год

Сапраўды Лешчынскі Свята-Успенскі манастыр многія даследчыкі называюць самым старажытным у Вялікім княстве Літоўскім. Першыя пісьмовыя згадкі адносяцца да пачатку ХІІІ стагоддзя. Лічыцца, што пасля забойства першага князя ВКЛ Міндоўга, у святыні знайшоў прытулак ягоны сын Войшалк, які, сабраўшы ў Пінску дружыну, адпомсціў ворагам за смерць бацькі.

Манастыр над Пінай быў не толькі цэнтрам рэлігійнага жыцця, як таму і належыць, тут вялася культурна-асветніцкая праца. Святыню не абміналі і грамадска-палітычныя падзеі. У залежнасці ад уладаў, манастыр неаднаразова перадавалі розным канфесіям. Каму б ні належала святыня: праваслаўным, каталікам, уніятам – яна заставалася сімвалам хрысціянства на Палессі.

Ананімны ліст пінчука не застаўся па-за ўвагай духавенства Пінскай праваслаўнай епархіі. Па ўспамінах старажылаў, епіскап Аляксандр (Іназемцаў) падымаў пытанне аб адраджэнні страчанай святыні, але гісторыя пайшла інакш, перашкодай стала Другая сусветная вайна. Дарэчы, узгаданая постаць святара вельмі цікавая, глядзіце на Радыё Рацыя разгорнуты матэрыял пра Іназемцава: “Калі святар – ваяр, а святарскі крыж – зброя”.

Упершыню пытанне пра вяртанне рэлігійнага жыцця на Лешча паўстала адразу ж пасля пажару. Пінчукі сумесна са святарамі стварылі нават адмысловае таварыства па зборы ахвяраванняў на аднаўленне згарэлай царквы. Але і тады перашкодай стала вайна – Першая Сусветная і далейшыя ліхалецці.

Праз стагоддзе, напоўненае войнамі і панаваннем атэістычнай улады, пінчукі не адступілі ад свайго, і мара продкаў стала рэальнасцю. У 2008 годзе было прынятае рашэнне аб будаўніцтве на знакавым месцы царквы Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. І вось рэлігійная жыццё вярнулася.

Храм Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Пінску, 2019 год, planetabelarus.by

“… Як радасна было б убачыць на гэтым святым месцы новы велічны храм”, – напэўна аўтара гэтых радкоў, ананімнага пінчука, ужо няма на гэтым свеце. Але можа яго ўнукі ці праўнукі ўнеслі ўклад у будаўніцтва…

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя