Ксёндз Антоній Грэмза: Святочныя набажэнствы будуць транслявацца па ютуб-каналах



Свята Раства Хрыстовага сёлета мае шмат непрыемных асаблівасцяў і абмежаванняў. Пандэмія каронавірусу пазбаўляе людзей фізічнага і малітоўнага кантакту, і зараз ва ўсіх хрысціянскіх храмах няма тлуму.

Пра тое, як рыхтуецца рыма-каталікі ў Беларусі да вялікага свята Раства Хрыстовага, кажа госць Рацыі ксёндз Антоній Грэмза ў гутарцы з нашым карэспандэнтам Якубам Сушынскім.

РР: Мы з Вамі напярэдадні свята Раста Хрыстовага гутарым пра тыя справы, якія звязаныя з Калядамі. Якая адметнасць сёлетняга Раства для гарадзенскіх каталікоў?

Ксёндз Антоній Грэмза: Будзем чакаць на свята Божага Нараджэння. Ужо вельмі хутка. Гэта такое свята, якое ў нашай рэчаіснасці сёння вельмі патрэбнае і неабходнае, бо перажываем складаныя часы. Часы пандэміі і часы грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне. Гэта датычыцца і касцёла, і вернікаў. Таму, відаць, гэты час своеасаблівы. І будзе для нас такім часам, каб абудзіць большую надзею, бо Бог мае ўладу над усім і кіруе нашым жыццём. Нават  у гэтых пагрозах жыцця, у гэтых небяспеках, як хваробы, як крызіс, каб гэтыя святы палепшылі наш духоўны стан і ўзмацнілі нашу хрысціянскую надзею.

РР: Традыцыйна Калядаванне мае пэўныя асаблівасці. Ёсць адвент, ёсць разнастайныя рытуалы, якія выконвалі штогод хрысціяне-каталікі. А як у гэтым годзе? Якія нормы, якія правілы, чаго давялося пазбавіцца, ці перавесці на факультатыўны варыянт перажывання гэтага перадсвяточнага моманту?

Ксёндз Антоній Грэмза: Касцёл дастасаваўся да гэтых умоваў, якія існуюць сёння. Некаторыя парафіі маюць ютуб-каналы, маюць таксама прамыя трансляцыі набажэнстваў. Яны вельмі неабходныя для людзей, якія не могуць у іх браць удзел непасрэдна. І калі нават не існуе гэтая пагроза пандэміі, шмат людзей карыстаюцца гэтымі сучаснымі сродкамі камунікацыі. Дзякуй Богу, што яны ёсць. Яны ёсць у Катэдральным касцёле. Будуць транслявацца ўсе набажэнствы Божага нараджэння, таксама і іншыя. Тое, што будзе адбывацца, можна назіраць праз ютуб-канал. І іншыя парафіі маюць гэтую магчымасць. Святы будуць сціплыя, не такія, як у іншыя гады. Сціплыя ў тым значэнні, што напэўна шмат людзей не прыме ўдзелу ў святочных набажэнствах, бо будуць  і абмежаванні, каб не ствараць пагрозы для  людзей.  

Цалкам размова:

Размаўляў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя