Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь



 Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ), мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 24 снежня вярнуўся на радзіму амаль праз чатыры месяцы пасля фактычнага выгнання.

Прэс-сакратар ККББ ксёндз Юрый Санько паведаміў БелаПАН, што каталіцкі іерарх ўжо прыбыў у Мінск.

У калядную куццю арцыбіскуп Кандрусевіч здзейсніць святочныя імшы — пастэркі ў мінскім кафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, а ў сам дзень Раства Хрыстова — у сталічным касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).

Арцыбіскупа Кандрусевіча, які актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсці на дыялог з грамадствам, 31 жніўня не пусцілі ў краіну з замежнай паездкі. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным, вядзецца праверка, звязаная з магчымай наяўнасцю ў яго дзейнага замежнага грамадзянства, а таксама са спыненнем ранейшага замежнага грамадзянства пасля натуралізацыі ў Беларусі. Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што ён выязджаў у Польшчу „для кансультацый, як разваліць краіну”.

Для вырашэння сітуацыі з Кандрусевічам ў верасні ў Беларусь прыязджаў сакратар па адносінах Святога пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, але безвынікова.

17 снежня апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці быў накіраваны ў Мінск у якасці спецыяльнага пасланніка папы Францыска для сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб выказаць трывогу і заклапочанасць пантыфіка сітуацыяй у Беларусі.

22 снежня міністр замежных спраў Уладзімір Макей расказаў вузкаму колу СМІ, што Гуджэроці перадаў Лукашэнку ліст папы Францыска, „у ім выкладалася адпаведная просьба, звязаная з вядомай персонай арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча”.

„Зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да папы рымскага і асабістых добрых адносін, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач просьбе папы рымскага і даць адпаведнае даручэнне знайсці вырашэнне з улікам усіх наяўных прававых механізмаў. І гэта з улікам таго, што, вядома ж, набліжаюцца добрыя, святыя для ўсіх святы Божага Нараджэння і ўрачыстыя падзеі. Гэта таксама было адпаведным дадатковым аргументам на карысць прыняцця рашэння па гэтым выпадку, звязаным з арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім Кандрусевічам, нягледзячы на шэраг негатыўных момантаў, звязаных з гэтай персонай”, — сказаў кіраўнік МЗС .

У той жа дзень Апостальская нунцыятура ў Беларусі паведаміла, што атрымала з „кампетэнтных дзяржаўных органаў” інфармацыю пра тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч „не мае перашкод для вяртання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

belapan.by