Арцыбіскуп Кандрусевіч: Гэта мая зямля!



Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перад святочнай каляднай імшой у менскім Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі распавёў журналістам пра сваё выгнанне і вяртанне на радзіму 24 снежня.

Паводле яго слоў, сёння святар з Польшчы прывёз яго да мяжы, а з беларускага боку яго сустрэў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. „Я перанёс да яго свае рэчы, і мы паехалі”, — сказаў ён.

Кандрусевіч распавёў, што ў камандзіроўку ў Польшчу, пасля вяртання з якой у жніўні яго не пусцілі ў Беларусь, ён ездзіў выключна як святар, а таксама каб наведаць дактароў, бо раней ён перанёс складаную аперацыю па стабілізацыі пазваночніка, яму нагадалі час ад часу прыязджаць для кантролю стану.

„Гэтыя чатыры месяцы, што я быў у Польшчы, я быў у большасці ў Беластоцкай дыяцэзіі, некаторы час быў у Драгічынскай дыяцэзіі ў сваіх сяброў святароў, — адзначыў каталіцкі іерарх. — Я цэлебраваў усюды імшы, прамаўляў гаміліі, наведваў хворых, калі трэба было — займаўся пастырскай дзейнасцю. Большую частку гэтага часу я правёў у Сакулцы, гэта недалёка ад мяжы з Беларуссю, каля 15 кіламетраў”.

„Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Беліарусь — гэта мая Бацькаўшчына, хаця большую частку свайго пастырскага служэння як святар, біскуп я правёў за межамі Беларусі, асабліва ў Расіі, я там 16 гадоў быў, быў біскупам. Аднак дзе б я ні быў, дзе б я ні служыў як святар і біскуп, я заўсёды памятаў, што Беларусь — мая Бацькаўшчына”, — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён распавёў, што ў канцы лістапада быў у Вільні на ўрачыстасці Маці Божай Вострабрамскай, і калі на беларускамоўнай імшы ён пабачыў беларусаў, яму зрабілася „вельмі і вельмі складана прамаўляць”. „Я ў першы раз [пасля выгнання] убачыў сваіх землякоў, — патлумачыў ён. — Гэта былі людзі, якія прыехалі, ці тыя, што там жывуць, якія хацелі спаткацца з біскупам, хацелі разам з ім пабыць”.

„І сёння, калі я перасек мяжу, я папрасіў кіроўцу стаць. Я стаў на калені, падзякаваў Богу за вяртанне, пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля! Я вырас адсюль, я хачу тут быць, я хачу тут служыць. І ніколі не выступаў супраць Беларусі, заўсёды бараніў інтарэсы Беларусі і буду гэта чыніць далей”, — запэўніў старшыня ККББ.

Кіраўнік беларускага каталіцкага біскупства падзякаваў усім, хто маліўся за яго ўвесь гэты час і спрычыніўся да яго вяртання ў Беларусь.

Арцыбіскупа Кандрусевіча, які актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсці на дыялог з грамадствам, 31 жніўня не пусцілі ў краіну з замежнай паездкі. 

belapan.by

Фота: скрыншот з відэа