Расейскія эксперты адзначаюць рызыкі для эканомікі Беларусі ў 2021 годзе



Пры ўмове адсутнасці новых шокаў эканоміку Беларусі ў 2021 годзе чакае анемічны рост на ўзроўні каля 1%. Да такой высновы прыйшлі эксперты Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Сбербанка” ў выніковым аглядзе 2020 года.

Аналітыкі адзначаюць, што Беларусь, у адрозненне ад астатніх краін, у 2020 годзе сутыкнулася адразу з двума відамі шокаў: эканамічным і палітычным.

Эксперты звяртаюць увагу на некалькі вызначальных фактараў, якія шмат у чым абумовяць эканамічны ландшафт для Беларусі ў 2021 годзе. У прыватнасці, гэта пандэмія. „Нягледзячы на наяўнасць унутраных праблем, глабальная позва застаецца важным фактарам, які ўплывае на стан знешняга попыту. Ад хуткасці аднаўлення сусветнай эканомікі будуць залежаць як фізічныя, так і вартасныя аб’ёмы экспарту”, — адзначаецца ў аглядзе.

Акрамя гэтага эксперты „Сбера” звяртаюць увагу на палітычны крызіс. Паводле іх ацэнак, „характар і дынаміка напружанасці ў палітычнай сферы ў тым ліку вызначыць жорсткасць палітыкі Нацыянальнага банка Беларусі, траекторыю беларускага рубля і інфляцыю”.

Яшчэ адным вызначальным фактарам будуць адносіны з Расеяй. „Застаючыся асноўным гандлёвым партнёрам, Масква аказвае істотную падтрымку Беларусі праз розныя прамыя і ўскосныя каналы: крэдыты, інвестыцыі, энергетычную субсідыю. Чарговы віток напружанасці здольны адправіць эканоміку Беларусі ў глыбокую рэцэсію і адкласці посткрызіснае аднаўленне на нявызначаны тэрмін”, — падкрэсліваецца ў аглядзе.

Таксама эксперты лічаць небяспечнай дыскусію, якая ідзе ў Беларусі, аб аднаўленні эмісійнага дырэктыўнага крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў.

„У Беларусі ідзе небяспечная з эканамічнага пункту гледжання дыскусія аб аднаўленні эмісійнага дырэктыўнага крэдытавання дзяржпрадпрыемстваў. Правядзенне падобнай палітыкі можа паўтарыць падзеі 2011—2012 гадоў, калі рэзкі рост грашовай прапановы прывёў да гіперінфляцыі і аслаблення беларускага рубля”, — лічаць у Цэнтры макраэканамічных даследаванняў.

У сваім базавым сцэнары на 2021 год эксперты „Сбера” закладваюць паступовае аднаўленне глабальнай эканомікі, некаторае аслабленне палітычнай напружанасці, захаванне падтрымкі з боку Расеі і адмову ад эмісійнага фінансавання дзяржпрадпрыемстваў. „У гэтых умовах, якія прадугледжваюць адсутнасць новых шокаў, Беларусь чакае анемічны рост каля 1%”, — гаворыцца ў аглядзе.

„Нягледзячы на жорсткія крэдытныя ўмовы для прыватнага сектара, дзяржпрадпрыемствы працягваюць атрымліваць крэдытную падтрымку ў выглядзе новых крэдытаў і масавых рэструктурызацый. Стаўка на неэфектыўны і маштабны дзяржсектар акумулюе ў эканоміцы дысбалансы, здольныя ў будучыні прывесці да вельмі негатыўных наступстваў”, — падкрэсліваецца ў аглядзе.

Як паведамлялася, зацверджаны ўладамі Беларусі мэтавы сцэнар прагнозных параметраў на будучы год прадугледжвае рост ВУП у 2021 годзе на ўзроўні 1,8%.

Варта таксама зазначыць, што афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%, аднак летам, улічваючы негатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэту — не дапусціць зніжэння ВУП у параўнанні з мінулым годам. Між тым па выніках студзеня—лістапада ВУП знізіўся на 0,9%.

belapan.by