Андрэй Бастунец: Хочацца, каб у наступным годзе мы апынуліся ў іншай сістэме каардынат



Ціск на незалежных журналістаў рэзка ўзмацніўся. Такі агульны вынік года для медыяпрасторы. Журналістаў цягам гэтага года затрымлівалі больш за 400 разоў, падлічыла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Медыя блакавалі, забаранялі друкаваць і прадаваць газеты. Каралі вялізнымі штрафамі. Саджалі на “суткі”. Заводзілі крымінальныя справы і кідалі ў СІЗА.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец напрыканцы года выдзяляе тры яго галоўныя тэндэнцыі:

– Тры вектары, тры восі: адна з іх – пандэмія, другая – гэта ціск з боку ўладаў і трэцяя – гэта фінансавае становічшча. І, зразумела, што гэтыя тры восі ўзаемазвязаныя. І мы знаходзіліся ў пэўным месцы. І чагосьці я ўзгадаў зараз Бродскага і гэта якраз пажаданні на наступны год: „Пускай Художник, паразит, другой пейзаж изобразит”. Каб у наступным годзе мы апынуліся ў іншай сістэме каардынатаў, чаго ўсім нам і жадаю.

І напрыканцы года адбыўся моцны ўдар на Press Club Belarus. 22 снежня ў офісе і ў супрацоўнікаў Прэс-клуба праводзілі ператрусы, у Нацыянальным аэрапорце затрымалі яго заснавальніцу Юлію Слуцкую, а пазней яшчэ 5 супрацоўнікаў. У Дэпартаменце фінансавых расследаванняў паведамілі, што супраць прадстаўнікоў арганізацыі «вядзецца следства па факце парушэння падаткавага заканадаўства”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя