Жыхары Рэчыцы пратэстуюць супраць смуроду ад „Рэчыца-пласт”



80 подпісаў сабралі жыхары Залінейнага раёну Рэчыцы, каб раённыя ўлады паўплывалі на ўласнікаў прадпрыемства, што забруджвае навакольнае асяроддзе. У памяшканнях збанкрутаванай фабрыкі «Мастацкая кераміка», каля трох гадоў таму, пачало працаваць прадпрыемства «Рэчыца-пласт».

Паводле аднаго з ініцыятараў збору подпісаў Яўгена Жукава, мясцовыя жыхары неаднойчы выклікалі санітарныя службы, якія фіксавалі перавышэнне ў паветры шкодных рэчываў:

– Калі працуе “Рэчыца-пласт”, то яны плавяць з адыходаў з пластмасаю, вырабляюць пластмасавыя лісты і плёнку. Калі ідзе вецер ў накірунку нашага пасёлку, то на вуліцу нельга выйсці. Задыхаешся з-за гэтага смуроду. Трэці год мы імкнемся прыбраць гэтыя пахі фармальдэгіду. Мы не за тое, каб зачыняць прадпрыемства, мы за тое, каб нашыя дзеці, унукі і самі мы дыхалі чыстым паветрам.

Акрамя прадпрыемства «Рэчыца-пласт», у некалькіх дзясятках метраў ад жылых дамоў наладзілася вытворчасць паліўных брыкетаў з адкідаў зачыненага гідролізнага заводу. Жыхары Залінейнага раёну непакояцца, што суседства з гэтымі шкоднымі вытворчасцямі адмоўна паўплывае на іх здароўе.

Беларускае Радыё Рацыя