Леў Марголін: У яго даўняя мара – „перакрыць кісларод”



Увядзенне падатку за выезд за мяжу на аўтамабілі не прынясе краіне вялікай карысці, затое зашкодзіць памежнаму гандлю, дзе ёсць месца не толькі кантрабандзе.

Так лічыць эканаміст Леў Марголін:

– Безумоўна, гэта ўдар і па гастарбайтарах і па так званым прыпамежным гандлі. Таму што вельмі шмат, як мы ведаем, тых, хто жыве ў Берасцейскай, Гарадзенскай і нават Менскай абласцях, зарабляюць сабе на жыццё тым, што вандруюць у Польшчу ці Літву  і прывозяць туды нават кантрабандныя тавары, адтуль таксама нешта. Але гэта не толькі кантрабанда.

Раней Аляксандр Лукашэнка не аднойчы прапаноўваў увесці падатак для тых, хто выязджае за мяжу. Але ў сучасных умовах гэта таксама і палітычнае рашэнне, дадае эксперт. 

–  У яго даўно такая мара зрабіць так, каб „перакрыць кісларод”. Я толькі не ведаю, як на гэта будуць рэагаваць тыя, хто ўваходзіць у яго вертыкаль улады, кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў. Яны ж таксама любяць паездзіць па замежжы. Вялікай карысці ад гэтага няма, бо гэта ўсё адно слёзы. Гэта такое тыпова палітычнае пытанне з таго самага шэрагу як і забарона выезду з Беларусі наогул.

Абласныя Саветы дэпутатаў змогуць уводзiць мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы Беларусі. За кожны выезд за мяжу  трэба будзе аддаць не больш за 3 базавыя велічыні, з новага года гэта складзе 87 беларускіх рублёў.  

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя