Пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Вітольда Ашурка (абноўлена)
Сёння ў Лідзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста з Бярозаўкі, сябра Партыі БНФ Вітольда Ашурка. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі.
Без тлумачэння канкрэтных прычын суддзя Максім Філатаў абвясціў суд закрытым, спаслаўшыся на 23 артыкул Канстытуцыі і “пагрозу дзяржаўнай бяспецы”, паведамляе spring96.org. Якую менавіта пагрозу дзяржаўнай бяспецы нясе адкрытае пасяджэнне па справе Ашурка, суддзя не патлумачыў. У судзе Лідскага раёна гэта ўжо не першы выпадак, калі справа слухаецца ў закрытым рэжыме.
“Правядзенне такіх закрытых судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах вяртаюць нас да найгоршых практык судзілішчаў над дысідэнтамі ў СССР”, – лічыць Праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч.
* * *
Судовы працэс праходзіць у судзе Лідскага раёна. Сябра Сойму БНФ, жыхар горада Бярозаўка Вітольд Ашурак абвінавачваецца па двух крымінальных артыкулах, звязаных з арганізацыяй дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і ўжываннем гвалту ў дачыненні да міліцыянта – нібыта актывіст чыніў гэты гвалт падчас затрымання.
Суд праходзіць у закрытым рэжыме са спасылкай на каронавірус. Партыя БНФ раней заявіла, што лічыць пераслед свайго сябра Вітольда Ашурка палітычна матываваным, а выстаўленыя супраць яго абвінавачанні – хлуслівымі: “Вітольд Ашурак кінуты за краты за ўдзел у мірных пратэстах і за патрабаванне цывілізаванага дыялогу. Вітольд Ашурак з’яўляецца палітвязнем і павінен быць вызвалены,” – гаворыцца ў адмысловай заяве партыі.
Беларускае Радыё Рацыя