НБУ адмовіў беларускаму бізнесоўцу Вараб’ю ў куплі „БТА Банка”



Нацыянальны банк Украіны адмовіў грамадзяніну Беларусі Мікалаю Вараб’ю ва ўзгадненні набыцця істотнага ўдзелу ў памеры 100% статутнага капіталу АТ „БТА Банк”. Такое рашэнне 24 снежня прыняў камітэт па пытаннях нагляду і рэгулявання дзейнасці банкаў, нагляду плацежных сістэм Нацбанка.

„Рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што дзелавая рэпутацыя заяўніка не з’яўляецца бездакорнай”, — адзначае прэс-служба ўкраінскага рэгулятара.

Як тлумачыць Нацбанк Украіны, 17 снежня 2020 года рашэннем Савета Еўразвяза № 2020/2130 Мікалай Варабей аднесены да пераліку асоб, да якіх прымененыя персанальныя абмежаванні (санкцыі).

„У адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўна-прававых актаў Нацыянальнага банка прымяненне санкцый да асобы з’яўляецца падставай страты ім бездакорнай дзелавой рэпутацыі на працягу тэрміну дзеяння санкцый і трох гадоў пасля іх адмены”, — паведамляе НБУ.

Таксама адна з падстаў адмовы — „непадаване дастатковых дакументаў і інфармацыі для пацвярджэння адпаведнасці фінансавага стану заяўніка і крыніц яго ўласных сродкаў”.

Як паведамлялася, у канцы лістапада Антыманапольны камітэт Украіны даў дазвол грамадзяніну Беларусі на набыццё больш за 50% акцый украінскага АТ „БТА Банк”. Прозвішча грамадзяніна Беларусі і ўмовы здзелкі не раскрываліся.

Банк зарэгістраваны 10 снежня 1992 года і з’яўляецца правапераемнікам ААТ „Украінскі крэдытна-гандлёвы банк”. У цяперашні час адзіным акцыянерам АТ „БТА Банк” (Украіна) з’яўляецца казахстанскае АТ „БТА Банк”, валодае якім казахстанскі прадпрымальнік Кенес Ракішаў.

Паводле вынікаў 2019 года банк атрымаў 11,44 млн грыўняў чыстага прыбытку ў параўнанні з 122,06 млн грыўняў страты годам раней. Паводле звестак Нацбанка, па стане на 1 кастрычніка 2020 года „БТА Банк” займаў 71-е месца па памеры актываў сярод 74 банкаў, што дзейнічалі ва Украіне.

Трэці пакет санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да беларускага рэжыму быў прыняты 17 снежня. Яго адрозненне ад папярэдніх у тым, што санкцыі распаўсюджваюцца не толькі на чыноўнікаў, але і на бізнесменаў, юрыдычныя асобы — прадпрыемствы і фірмы. У спіс трапілі, у прыватнасці, вядомыя беларускія бізнесмены Аляксандр Шакуцін і Мікалай Варабей. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у ЕС і замарожванне рахункаў як фізічных, так і юрыдычных асоб. Акрамя таго, рэзідэнтам ЕС наўпрост ці апасродкавана забаронена даваць доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць з бізнесам, унесеным у санкцыйны спіс.

belapan.by

Фото: tut.by