Начальнік міліцыі спрабуе абяліць дзеянні сілавікоў
У Пінску начальнік міліцыі Дзмітрый Каравякоўскі і яго падначаленыя спрабуюць сфармаваць грамадскую думку адносна падзей ночы з 9-га на 10-е жніўня. На мінулым тыдні Каравякоўскі даў серыю інтэрв’ю праўладным СМІ і блогерам, сэнс якіх – міліцыянты ў першыя паслявыбарчыя дні выратавалі горад ад пагромаў.
Узгадваючы пратэст 9-га – 10-га жніўня пад Пінскім гарадскім выканкамам, грамадскі актывіст Мікалай Клімовіч адзначае, што ў рэальнасці сілавікі самі справакавалі грамадзян на сутычкі:
– Калі людзі ішлі да гарвыканкама, іх ужо сустрэлі счэпкі АМАПаўцаў, якія стаялі ў шарэнзе са шчытамі. Людзі ішлі туды, каб даведацца вынікі выбараў, з патрабаваннем, каб былі сумленныя выбары. Было бачна, што не можа быць, каб за дзеючага прэзідэнта прагаласавала 82%. Ніхто гэтаму не паверыў. І людзі хацелі даведацца праўду.
Мікалай Клімовіч упэўнены, што інфармацыйная актыўнасць начальніка міліцыі не выпадковая – гэта ідэалагічная апрацоўка грамадскасці перад пачаткам судовага працэса па “пінскай справе”.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск