Да Усебеларускага сходу рыхтуюцца, але пра рэформы ні слова



Аляксандр Лукашэнка анансуе Усебеларускі сход, але ні слова пра канстытуцыйную ды іншыя рэформы. Усебеларускі народны сход пройдзе 11 і 12 лютага. Пра гэта Лукашэнка заявіў на адмысловай нарадзе, прысвечанай яго падрыхтоўцы, паведаміў тэлеграм-канал «Пул первого». Сацыяльна-эканамічныя пытанні павінны быць у прыярытэце перад сходам, кажа ён.

– Людзі павінны пачуць ад улады галоўныя накірункі нашага развіцця на чарговую пяцігодку, а таксама аналіз пройдзенага. І тыя два пытанні, пра якія мы гаварылі – эканамічнае і сацыяльна-палітычнае пытанні – павінны прагучаць. Нашы бачанні і прапановы ўдзельнікам сходу павінны быць канкрэтнымі і адлюстроўваць рэальныя праблемы і чаканні людзей. Нам не патрэбныя адарваныя ад жыцця тэорыі. Патрэбны адказ на існуючыя запыты грамадства.

Пра сход Аляксандр Лукашэнка кажа ў агульных рысах, маўляў, падвядзём вынікі пяцігодкі ды акрэслім планы на будучыню. У гэтых выказваннях нават згадкі няма пра Канстытуцыю, рэферэндум ці новыя прэзідэнцкія выбары, – на такую асаблівасць звяртае ўвагу палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі:

– Тое, што Лукашэнка казаў, калі, відаць, ён быў у шоку, пад уражаннем ад гэтых масавых пратэстаў – у жніўні, у верасні. То цяпер, відаць, ён гэта ўсё адсунуў у бок і вырашыў, што з большага ўдалося неяк сцішыць сітуацыю, авалодаць ёй і таму нічога страшнага. Прасцей кажучы, я думаю, ён хоча яшчэ пяцігодку трымацца ў сваім крэсле і ніякіх палітычных рэформаў не праводзіць.

Традыцыйна Усебеларускі сход праходзіў перад выбарамі. Гэта была вялікая піар-акцыя дзейнай улады. На пачатку снежня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход канстытуцыйным органам.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя