БАЖ: 2020 год быў рэкордным па рэпрэсіях у дачыненні да журналістаў



2020 год быў рэкордным па рэпрэсіях у дачыненні да прадстаўнікоў медыя за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Згодна з яе звесткамі, з пачатку года журналістаў затрымлівалі 477 разоў, многіх неаднаразова. Пятнаццаць прадстаўнікоў медыя знаходзяцца пад крымінальным пераследам, дзевяць — у следчых ізалятарах у межах крымінальных спраў.

Адміністрацыйны арышт журналісты адбывалі 97 разоў і правялі ўвогуле за кратамі больш за 1.200 дзён.

Не менш як 62 журналісты пацярпелі ад гвалту з боку сілавікоў.

З пачатку года чатыры газеты былі вымушаныя прыпыніць выпуск. Доступ да больш як 50 сайтаў СМІ і грамадска-палітычных рэсурсаў быў абмежаваны.

Агульная сума штрафаў асобным журналістам і СМІ ў цэлым склала амаль 60 тыс. рублёў.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, каментуючы БелаПАН сітуацыю з рэпрэсіямі ў дачыненні да прадстаўнікоў медыя сёлета, выказаў упэўненасць, што „такіх лічбаў у 2021 годзе не будзе”.

„Гэтыя лічбы былі звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі ў першую чаргу і тым гвалтам, з якім сутыкнуліся людзі пасля выбараў, з поствыбарнай працай журналістаў, — звярнуў ён увагу. — Калі паглядзець на графік, то мы ўбачым, што найбольшая колькасць затрыманняў журналістаў была ў жніўні (выбары прэзідэнта Беларусі адбыліся 9 жніўня. — БелаПАН.), пасля пайшла ўніз крывая, хоць яна застаецца яшчэ на вельмі высокім узроўні. Тым не менш, я думаю, у наступным годзе сітуацыя павінна палепшыцца ў колькасным вымярэнні. Але мы бачым, што павышаецца жорсткасць у дачыненні да журналістаў, умоўна кажучы, якаснае вымярэнне націску на прадстаўнікоў медыя”.

„Усё будзе залежаць ад палітычнай сітуацыі, развіцця падзей у грамадска-палітычнай сферы. Калі будзе палітычная актыўнасць (а яна ёсць і ў любы момант можа выбухнуць), можна чакаць і павышэння націску на журналістыку. Калі гэтага не будзе, націск будзе меншым у лічбах, але, магчыма, больш жорсткім у дачыненні да асобных людзей”, — заявіў Бастунец.

belapan.by