Ціханоўская: Лукашэнка не здольны захаваць уладу надоўга



Беларускі народ не будзе цярпець рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў перспектыве, абмаляванай старшынём Камітэта дзяржбяспекі Іванам Церцелем, заявіла экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю расейскай „Независимой газете”.

17 снежня Церцель, выступаючы перад калектывам прадпрыемства „Гродна Азот”, выказаўся адносна пратэстаў у 2021 годзе. Ён заявіў, што ўлады „рыхтуюцца да вясны”, ведаюць, „як будзе развівацца сітуацыя”, і гатовыя „дзейнічаць справядліва, але жорстка”. „Будзем рыхтавацца да гарачай вайны, не выключаем і такога варыянта пад выглядам гуманітарнай місіі. Гэты няпросты перыяд будзе паўтара-два гады”, — заявіў кіраўнік спецслужбы.

„Кіраўнік КДБ расказаў пра сваё ўяўленне аб будучыні, — сказала Ціханоўская. — Нас такая будучыня не задавальняе. Ніякіх паўтара года, тым больш „гарачай вайны”, быць не можа. Мы не дадзім ім развязаць гарачую фазу. Людзі не будуць трываць такі рэжым, таму яму не ўдасца столькі пратрымацца. Ды і міжнародны націск нарастае. Улада абапіраецца выключна на сілу, але эканоміка не вытрымае такога цяжару”.

Паводле яе слоў, беларускі пратэст накіраваны супраць хлусні, гвалту і беззаконня дзяржавы і адрозніваецца адсутнасцю адзінага цэнтра і адзінага лідара. Гэтая з’ява, падкрэсліла Ціханоўская, якая „ахоплівае ўсе пласты насельніцтва, і ў гэтым залог яе сілы і ўстойлівасці”. „Беларусы выходзяць на пратэст не за Ціханоўскую ці іншых палітыкаў, яны патрабуюць перамен для сябе і сваіх сем’яў. Грамадства не здаецца і не здасца”, — перакананая экс-кандыдат у прэзідэнты.

На пытанне аб эфектыўнасці мірных выступленняў і яе стаўленні да радыкалізацыі пратэсту Ціханоўская адказала: „Як паказвае гісторыя, больш радыкальныя метады заканчваюцца сумна, з вялікімі ахвярамі і дрэнным вынікам. Менавіта мірныя метады прымушаюць дыктатара сысці і не спараджаюць новага гвалту — тое, што і трэба нацыі. Польшча, Чэхаславакія — з нядаўніх прыкладаў”.

Яна падкрэсліла, што для беларусаў змена ўлады мірным шляхам з’яўляецца магчымасцю „сфармаваць палітычную культуру, пры якой фальсіфікацыі выбараў будуць немагчымыя і менавіта народ будзе носьбітам улады”. „Спроба сілавога захопу ўлады прывяла б да ахвяр, дала б падставу да ўводу ў краіну замежных ваенных фармаванняў. Менавіта таму наш пратэст падкрэслена мірны, і таму на нашым баку маральная перавага”, — заявіла палітык.

У Ціханоўскай пацікавіліся, якой яна бачыць сваю будучыню ў выпадку захавання Лукашэнкам улады і ў выпадку перамогі пратэсту. У адказ яна заявіла, што Лукашэнка „не здольны захаваць уладу надоўга”.

„Ён састарэў, у яго няма палітычных рашэнняў для выхаду з крызісу, — сказала экс-кандыдат у прэзідэнты. — Эканоміка ў вельмі дрэнным стане. Наступствы эканамічнага крызісу ўжо праз пару месяцаў будуць адчувацца вельмі востра. Міжнародная супольнасць лічыць Лукашэнку нелегітымным і робіць захады, каб спыніць гвалт у краіне. Мяне ж як легітымнага прадстаўніка беларускага народа ва ўсім свеце прымаюць так, як Лукашэнку не прымалі ніколі. Наогул спыніць рух часу наперад не ўдавалася яшчэ нікому”.

„Калі народ пераможа, мы ўсе разам будзем святкаваць вызваленне ад дыктатуры, выхад на свабоду палітвязняў і ўсіх, хто знаходзіцца цяпер у месцах зняволення за свае палітычныя перакананні, і, вядома, я, мае дзеці, мая сям’я і сябры будзем святкаваць вызваленне майго мужа, Сяргея Ціханоўскага. Далей пачнем працаваць, каб выйсці з эканамічнага крызісу, падрыхтаваць і правесці сумленныя выбары. Будзе шмат працы. Я буду ўдзельнічаць у будаўніцтве новай Беларусі”, — адзначыла Ціханоўская.

belapan.by