Ці паспрыяюць амерыканскія санкцыі дэмакратызацыі Беларусі?
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, сыходзячы з пасады, пакідае свайму наступніку сярод усяго іншага “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”. Гэта ўжо не першая спроба ўвядзення санкцый у дачыненні да палітычнага рэжыму Беларусі і яго бенефіцыяраў, якія прымаліся рознымі прэзідэнцкімі адміністрацыямі ЗША. У пакеце санкцый – візавыя абмежаванні для высокапастаўленых асобаў, бан шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і шматузроўневая падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі. Словам, усе тыя ж самыя падыходы, якія ў ранейшыя гады не мелі вялікага эфекту на беларускую ўладу.
У падпісанні Дональдам Трампам “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі” варта звярнуць увагу на тое, што прэзідэнт ЗША не стаў зацягваць з падпісаннем гэтага дакумента, чым здзівіў многіх палітычных аглядальнікаў. Асабліва непрыемная такая паспешлівасць уладам Беларусі, якія хацелі бачыць у асобе амерыканскага кіраўніка такога сабе “зухаватага хлопца” з манерамі як у ягонага беларускага калегі. Аднак адрозненне амерыканскай дэмакратыі ад беларускага рэжыма – у тым, што прэзідэнт ЗША, нягледзячы на шырокія паўнамоцтвы, не можа сабе дазволіць адыходы ад курса карабля, які ідзе пад двума ветразямі Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый. Якія б погляды не меў Дональд Трамп на сітуацыю ў Беларусі, ён прадказальна падпісаў дакумент, што не выклікае разыходжанняў у сенатараў. Такім чынам, Джо Байдэн, які прыходзіць на замену Трампу, будзе мець у распараджэнні вельмі дзейсны інструментар для ўздзеяння на беларускую палітычную рэчаіснасць.
У паліталагічнай навуцы няма адзінага падыходу адносна эфектыўнасці санкцый у справе дэмакратызацыі аўтарытарных дзяржаваў. Самы хрэстаматыйны прыклад таго, як санкцыі адмоўна адбіваліся на сітуацыі з правамі чалавека пасля іх увядзення – востраў Куба часоў кіравання Фідэля Кастра. Колькі амерыканскія ўлады не намагаліся пахіснуць пазіцыі правадыра “барбудас”, адзіным вынікам стала агульнае пагаршэнне эканамічнага становішча гэтай краіны. Прыблізна ў такім жа рэчышчы разважаюць крытыкі санкцый, калі заходзіць гаворка пра беларускі аўтарытарызм. І ў якасці аргументаў прыводзяць спробы прыняцця санкцый у 2000-х гадах. Сапраўды, ранейшыя санкцыі ў папярэднія разы не абвалілі рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Больш за тое, дазволілі ўладам Беларусі спісаць правалы ў эканоміцы менавіта на падступныя дзеянні Захаду. Аднак сёлета, калі аналізаваць умовы ўхвалення санкцый, ёсць падставы меркаваць, што яны могуць стаць адным з трыгераў для трансфармацыі палітычнага рэжыму ў Беларусі. Справа ў тым, што, у адрозненне ад Кубы часоў Фідэля Кастра і ад ранейшых спробаў санкцыйнага ўздзеяння ЗША на Беларусь, з’явіўся фактар, які можа зрабіць амерыканскую палітыку ў адносінах да нашае дзяржавы эфектыўнай. Калі мы гаворым пра Беларусь пасля падзей лета-зімы 2020 года, то праз выхад на арэну беларускага народу як палітычнага суб’екта да знешняга ўздзеяння дадаўся моцны ціск на ўладу ўнутры краіны. Гэта значыць, з’явілася імавернасць таго, што знешні і ўнутраны фактары могуць увайсці ў рэзананс, што пакіне мала шанцаў на захаванне ўлады ў цяперашняга кіраўніцтва краіны.