Прысуды ў Наваградку: паўтары гады агульнага рэжыму і 7 гадоў узмоцненага



У судзе Наваградскага раёна 29 снежня вынесены прысуд палітычным зняволеным Уладзіміру Гароху і Дзянісу Кірэшчанку.

Суддзя Васіль Аляхновіч прызнаў іх вінаватымі (Уладзіміра Гароха —  па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу, Дзяніса Кірэшчанку — па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіў:

Уладзіміру Гароху — 6 гадоў і 6 месяцаў па ч. 1 арт. 293 і 1 год па арт. 368. Шляхам частковага складання канчатковае пакаранне склала 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Дзянісу Кірэшчанку — 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Уладзіміра Гароха затрымалі 18 жніўня. Згодна з абвінавачванне, гэтым летам ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі праваахоўнікі. Таксама яго абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі: 14 жніўня ён размясціў у чаце «Навагрудак для жыцця» тры «непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні… якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі». У гэты час яго дзеці былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў у Менску.

Дзяніса Кірэшчанку затрымалі восьмага жніўня і абвінавацілі па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу («Навучанне масавым беспарадкам»). Згодна з абвінавачваннем, пятага жніўня ў Карэлічах падчас сустрэчы з людзьмі паведаміў пра магчымасць выкарыстаць у якасці зброі і аказання супраціву тэлескапічныя дручкі, а таксама прадэманстраваў, як з імі трэба абыходзіцца. Таксама, згодна з абвінавачваннем, ён паведаміў пра асоб, якія гатовыя ўдзельнічаць у масавых беспарадках, а таксама пра магчымасць аплаты.

На папярэднім пасяджэнні пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — для Уладзіміра Гароха. Абвінавачаныя віну не прызналі.

novychas.by