Валянцін Стэфановіч: Мы вяртаемся ў часы судзілішчаў часоў СССР



Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць беларускага народу з боку карных органаў лукашэнкаўскага рэжыму разгарнуліся ў краіне, пачынаюцца з перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі і дагэтуль.

Пра гэта размова з „Госцем Рацыі”, юрыстам праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцінам Стэфановічам. З ім абмяркуем адну з многіх сотняў палітычна матываваных крымінальных спараваў, але найбольш адыёзную, якая найбольш выкрывае беззаконне – справу грамадскага актывіста Мікалая Аўтуховіча:

– Справу ацэньваць вельмі складана таму, што ніякай інфармацыі мы не маем. Акрамя той інфармацыі, у чым іх абвінавачваюць, то бок гэта падрыхтоўка тэрактаў і нават здзяйсненне тэрарыстычнага акту – падпаду машын і яшчэ чагосьці, дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў. Але натуральна, што такога кшталту заявы чалавека выконваючага абавязкі кіраўніка дзяржавы, сведчыць пра тое, што ўжо цяпер парушаюцца прынцыпы судовага разбіральніцтва ў дачыненні да гэтых людзей. У прыватнасці прэзумпцыі невінаватасці, якая з’яўляецца канстытуцыйным правам. Чалавек, які з’яўляецца самым высокапастаўленым чыноўнікам, сцвярджае пра тое, што гэтыя людзі вінаватыя ў здзяйсненні злачынства. Хаця віна гэтых людзей яшчэ далёка не ўстаноўленая ні следствам, ні судом. Вядзецца гаворка пра тое, што яны вазілі тонамі зброю праз мяжу. У мяне тады ўзнікае пытанне, а што там памежнікі робяць на мяжы, калі яе тонамі возяць. Плюс мы чулі заяву МУС Украіны, якое абвінаваціла Лукашэнку ў нейкіх чарговых інсінуацыях. У прынцыпе ўсё гэта ўкладаецца ў такую канцэпцыю знешняга ўмяшальніцтва, што ўлады рэтранслююць ужо практычна напрацягу года. Спачатку гэта былі расейцы, якія нібыта ўмешваліся ў выбары, высылалі нам сваіх вагнераўскіх баевікоў. Пасля выбараў гэта ўжо стаў Захад і Украіна, якая таксама дасылае нейкіх баевікоў, зброю ці яшчэ штосьці, хаця нам яшчэ ніводнага разу не паказалі такіх людзей. Ужо цяпер можна казаць пра палітычна матываваны характар гэтай справы. Натуральна таму, што Лукашэнка сваімі заявамі толькі пацвярджае гэта. Мы будзем працягваць за гэтым сачыць. Апрыёры вельмі цяжка давяраць гэтай усёй афіцыйнай інфармацыі, асабліва памятаючы пра папярэднія выпадкі, калі нам паказвалі арсеналы зброі неаднаразова. Нават у людзей з багажніку аўтамат нібыта даставалі па справе „Белага легіёна”, а пасля спынялі справу за адсутнасцю складу злачынства. Незразумела быў гэты аўтамат, калі не было, то хто яго туды паклаў. Таму крытычна мы да гэтага ставімся. Верагодна, што ва ўладаў ёсць задача стварыць некалькі такіх спраў па нібыта тэрарыстычных групах. Натуральна, што яны гэта ўжываюць у мэтах запалохвання актыўнага грамадства, у прапагандысцкіх мэтах, нібыта пацвярджаючы свае версіі пра нейкае знешняе ўмяшальніцтва. 

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

„І ў такой непрапарцыйнасці пакаранняў, безумоўна, ёсць палітычны матыў”, — упэўнены „Госць Рацыі”, адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру „Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Беларускае Радыё Рацыя