У Гародні – беларуская Ялінка
У „Цэнтры гарадскога жыцця” Гародні адбылося святочнае каляднае мерапрыемства для беларускіх дзетак, дзе ролю Святога Мікалая, Зімушкі–Зімы, Снегавіка і Козачкі выконвалі звольненыя акторы гарадзенскіх тэатраў.
Распавядае акторка Наталля Лявонава:
– Гэта вельмі прыемна і вельмі важна нам удзельнічаць у такім мерапрыемстве, таму што маленькія гарадзенцы заўсёды чакаюць свята. І мы не хочам іх расчараваць. Мы з імі гуляем, нам весела, нам добра. Тут вельмі ўтульная атмасфера. Мы ўдзячныя „Цэнтру гарадскога жыцця”, што яны ствараюць вось такую атмасферу і такія святы.
Бацькі дзетак кажуць, што такія святы ім вельмі падабаюцца:
– Святочная атмасфера. Вельмі важна, што ўсё на беларускай мове. Гэта час, які вельмі прыемна правесці ў вясёлай атмасферы святочнай. І дзякуй за магчымасць такую для нашых дзетак!
– Цікава бавіць час з дзецьмі. Тым больш Дзед Мароз так побач. Мы ўпершыню на такім маленькім мерапрыемстве.
– Нашым дзеткам не хапае такіх класных мерапрыемстваў, беларускамоўных і вельмі душэўных.
Падарункі на беларускай Ялінцы з’явілісія дзякуючы „Цэнтру гарадскога жыцця”, краме “Адметнасць” й незалежнаму выданню Hrodna.life.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Сяргея Апановіча