У Берасці затрыманы Андрэй Шарэнда
У Берасці затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС актывіст „Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Шарэнда.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, Шарэнду супрацоўнікі міліцыі затрымалі ўвечары 29 снежня ля пад’езда дома, дзе той жыве.
„У ІЧУ жонцы Шарэнды сказалі, што падставай для яго затрымання стала правапарушэнне паводле арт. 23.34 КоАП, — дапоўніў праваабаронца. — Думаю, судзіць Шарэнду будуць у студзені і да суда ён будзе ў ІЧУ. Не выключаю таго, што сёння і заўтра сілавікі будуць затрымліваць і іншых актывістаў. Магчыма, улады чакаюць у навагоднюю ноч акцыі пратэсту і маюць намер ізаляваць іх патэнцыйных удзельнікаў”.
Кісляк адзначыў, што Шарэнду ўжо неаднаразова судзілі за ўдзел у акцыі прыхільнікаў перамен і прыгаворвалі да адміністрацыйнага арышту.