У Менску падлічылі так званых “дармаедаў”



У Менску падлічылі так званых “дармаедаў”. Паводле звестак камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне, у базе даных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, знаходзяцца 67 тысяч менчукоў. З іх каля 13-ці тысяч — не працуюць больш за 10 гадоў.

“…І гэта непрымальная пазіцыя: грамадзяне, якія атрымліваюць пэўныя льготы і карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі, павінны ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё грамадства”, — мяркуе старшыня Менгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Ён дадаў, што сярод незанятых у эканоміцы лічацца грамадзяне, якія не працуюць досыць доўгі час, але пры гэтым маюць нядрэннае жыллё, аўтамабілі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, аднак падаткі і ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны не плацяць.

“У гэтым пытанні неабходна прымаць прынцыпова жорсткія меры”, — сказаў кіраўнік Менска.

Вынікі павінны быць на працягу студзеня. Паведамляецца, што колькасць вакансій на сталічным рынку працы перавышае 17 тысяч.

Беларускае Радыё Рацыя