Агляд прэсы: апошні шанец



«Бацька» палка. Падтрымка Беларусі ад Украіны. Трубаправод цаной у свабоду. «Перамір’е» ў Карабаху.  Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Нямецкі часопіс Der Spiegel на першых старонках размясціў артыкул «Лукашэнка прысягае праславутай сілай міліцыі». У матэрыяле гаворка ідзе аб выступе Лукашэнкі перад супрацоўнікамі спецпадраздзялення АМАП, дзе прагучала, што краіну трэба захаваць, «незалежна ад таго, колькі гэта будзе каштаваць».

Выданне Der Spiegel падкрэслівае словы Лукашэнкі, што той не гатовы падаць у адстаўку і працягвае спадзявацца на свой апарат бяспекі і гвалту на вуліцах Беларусі.

Артыкул у самым значным часопісе Германіі заканчваецца канстатацыяй без каментароў таго факту, што пасля свайго выступу Лукашэнка атрымаў чорны бярэт ад камандзіра АМАПа. Ён сказаў, што Лукашэнка атрымаў шапку «за асаблівыя заслугі» і цяпер з`яўляецца афіцэрам АМАПа.

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв`ю службе навінаў ТСН.ua выказаўся па пытанні, чаму  беларусам даводзіцца праходзіць сем колаў пекла ў міграцыйнай службе, таму яны выбіраюць для пераезду ўсё ж Польшчу ці Літву.

Дзмітрый Кулеба запэўніў, што украінскі ўрад прыняў рашэнне, якое істотна спрашчае атрыманне дазволу на працаўладкаванне ва Украіне для беларусаў. Тэрмін разгляду заяўкі памяншаецца да трох дзён.

«Адно са змяненняў я лічу прынцыповым. Для цэлага шэрагу дзеянняў і легалізацыі сябе ва Украіне беларусам больш не трэба ехаць за межы Украіны і афармляць дакументы звонку, праз амбасаду. Шэраг прававых пытанняў можна вырашыць, знаходзячыся ва Украіне. Гэта істотнае спрашчэнне» – падкрэслівае кіраўнік МЗС Украіны.

Служба навінаў ТСН.ua нагадвае, што ва Украіне для беларусаў з самага пачатку дзейнічаў бязвізавы рэжым, у адрозненне ад краін ЕЗ. Украінцы стаялі, стаяць і будуць стаяць на баку беларускага народа. І гэта прынцыповы момант украінскай палітыкі ў гэтым пытанні.

 Амерыканскае выданне Bloomberg сочыць за тым, як Расея аднаўляе будаўніцтва газаправода ў Еўропу, не чакаючы на санкцыі ЗША.

Аўтары матэрыялу Ванэса Дэзем, Даніэль Флэтлі і Дзіна Хрэннікава фіксуюць паскарэнне працы па будаўніцтве газаправода „Паўночны паток – 2»,  мэтай якога з’яўляецца павелічэнне паставак прыроднага газу ў Германію.

У любым выпадку, як лічаць аналітыкі, трубаправод «Паўночны паток -2» можа быць уведзены ў працу ўжо напрыканцы 2021 году, калі гэтаму не перашкодзяць   амерыканскія санкцыі, якія закранаюць трэціх асобаў у выкананні працаў па пракладцы трубаправоду.

Злучаныя Штаты лічаць, што «Паўночны паток -2» дае Расеі магчымасць аказваць занадта вялікі ўплыў на Еўропу, тады як пастаўка амерыканскага звадкаванага прыроднага газу з’яўляецца лепшай альтэрнатывай. Расея настойвае, што карысць ад «Паўночнага патоку – 2» атрымаюць эканомікі Германіі і Еўропы, паколькі кошт расейскага прыроднага газу на 20% ніжэй, чым кошт амерыканскага звадкаванага газу.

Французская газета Le Monde надрукавала рэпартаж з Карабаха журналіста Поля Тавіньё пад назвай «У Шушэ азербайджанскія сілы пад расейскім кантролем».

Выданне адзначае, што ўжо больш за месяц прайшло з моманту ўсталявання перамір’я ў Нагорным Карабаху, але пытанняў не становіцца менш. Пасля вяртання Баку кантролю над Шушай абстрэлы працягваюцца з абодвух бакоў, нягледзячы на прадпісанне армянскім вайскоўцам пакінуць гэтую тэрыторыю.

«Зараз жыццё ў Шушэ не цукар. Падлучэння да электрасеткі няма, і жменька генератараў сілкуе самыя важныя будынка», – піша Поль Тавіньё з Карабаху.

Акрамя гэтага ў выніку абстрэлаў з двух бакоў нішчыцца і культурная спадчына месца. Армянская царква Канач Жам сур’ёзна  пашкоджана і пазбавілася двух званіц. Галоўная мячэць горада Геўхар-ага пад пагрозай, як і іншыя азербайджанскія гістарычныя будынкі Шушы.

«У XIX стагоддзі горад Шуша быў культурнай сталіцай Каўказа, з якой мог супернічаць толькі Тбілісі. Напачатку лістапада мультыкультурныя карані горада так моцна пацярпелі, што дрэва можа больш не даць пладоў», – занепакоена газета Le Monde.

 Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка