Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
У Польшчы напярэдадні Новага 2021 года свет пабачыла ўнікальная кніга-альбом на польскай мове “Ваўкавыск – горад трох народаў”. Аўтары кнігі Мікола Быхаўцаў і Рэната Гаўрылік-Куклінска з Гданьска.
Мікола Быхаўцаў жыве ў Ваўкавыску, ён вядомы на Гарадзеншчыне краязнавец і гісторык, які ўсё сваё свядомае жыццё даследуе Ваўкавышчыну. Мікола Быхаўцаў напісаў і выдаў шмат кніг на расейскай і беларускай мовах пра гісторыю ваўкавыскай зямлі. Пра сааўтарку Рэнату Гаўрылік-Куклінску Мікола Быхаўцаў сказаў так: “Хоць Рэната Гаўрылік і нарадзілася ў Польшчы, але адчувае вялікую сувязь з радзімай бацькі з вёскай Цімахі, сваякі якога засталіся на Ваўкавышчыне і жывуць да сёняшняга часу. Многа разоў Рэната наведвала Ваўкавыск. Сумесная праца над кнігай-альбомам працягвалася больш за тры гады. У альбоме змешчаны як вядомыя фотаздымкі, так і шмат невядомых з гісторыі Ваўкавыска. Кнігу пакуль што набыць у Беларусі немагчыма. Калі атрымаю некалькі асобнікаў, то вышлю ў Нацыянальную бібліятэку ў Менск і падарую бібліятэцы Ваўкавыскага педагагічнага каледжа, дзе знаходзяцца ўсе мае кнігі”.
Кніга атрымалася сапраўды ўнікальнай. Гэта ілюстраваная гістарычная аповесць пра жыццё беларусаў, палякаў і яўрэеў у Ваўкавыску да 1939 года. Рэната Гаўрылік у прадмове да кнігі шчыра напісала пра краязнаўчую справу Міколы Быхаўцава, які вельмі шмат зрабіў для гісторыі Ваўкавыскага краю. І праца яго яшчэ па-сапраўднаму неацэненая. Далей аўтарка адзначыла, што “сапраўдная катастрофа Ваўкавышчыны адбылася з пачаткам Другой сусветнай вайны. Няма доступу да дадзеных, якія паказалі б, колькі жыхароў Ваўкавыска і Ваўкавыскага павету былі знішчаны трыма дэпартацыямі ў Сібір. Няма яшчэ даследаванняў і дадзеных, колькі людзей выехалі ў Польшчу з Ваўкавышчыны ў 1945-1958 гадах. Вядома толькі, што за перыяд 1946-1951 гады з Ваўкавыска выехалі ў Польшчу 378 сем’яў, а ў 1945-1947 гадах з Ваўкавыскага павету пераехалі ў Польшчу 1907 чалавек”.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя