160 гадоў з дня нараджэння Яўхіма Карскага



Філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства Яўхім Карскі нарадзіўся 1 студзеня 1861 года ў вёсцы Лаша (Гарадзенскі раён). Гэты чалавек ведамы ў навуцы таксама як этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук, правадзейны член Інбелкульта, Чэшскай акадэміі навук.

Былы музей у Лашы

Паходзіў з сям’і збяднелай шляхты – святара і настаўніка Фёдара Навіцкага і дачкі праваслаўнага дыякана Магдалены Карскай. Так што прозвішча будучы акадэмік атрымаў якраз ад маці. Пачатковую адукацыю Яўхім Карскі атрымаў у Ятранскай народнай школе і ў вёсцы Бярозавец, сярэднюю – у Менскай духоўнай семінарыі, а потым вучыўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі, дзе рыхтавалі настаўнікаў для гімназій. У інстытуце напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы –  “Обзор звуков и форм белорусской речи”.

Пасля заканчэння інстытута, Яўхім Карскі выкладаў расейскую мову і літаратуру, а таксама царкоўнаславянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі, быў сакратаром і выбарным членам гаспадарчага камітэта гімназіі. Паспяхова здаў магістарскі экзамен, абараніў магістарскую дысертацыю “Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі”. Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў Яўхіму Карскаму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці за даследаванні беларускай мовы – першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве.

З 2 студзеня 1893 года выкладаў расейскую мову ў Варшаўскім універсітэце. У чэрвені 1894 года абраны на пасаду экстраардынарнага прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, а ў 1905-1910 гг. – рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908).

3 1917 г. ў Менску, удзельнік беларускага нацыянальнага руху, дэлегат і ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда. Яўхім Карскі займаў пасаду старшыні арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Мінску БДУ, удзельнічаў у распрацоўцы статута Інбелкульта.

Карскі – аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры ў беларускім перыядычным друку. Супрацаваў з беларускім фалькларыстамі і этнографамі Шэйнам, Нікіфароўскім, Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, “Нашу ніву”, Беларускі літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Перапісваўся з Купалам, Коласам, Гарэцкім, Некрашэвічам, Замоціным, Хлябцэвічам, Шчакаціхіным.

Яўхім Карскі аўтар больш як 700 прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры і іншых. Адна з найбольш значных прац Карскага – гэта “Беларусы” – вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ -пачатку  ХХ стагоддзяў, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства. На аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі.

Памёр Яўхім Карскі 29 красавіка 1931 года ў Ленінградзе. Яго магіла ў Пецярбургу на Смаленскіх могілках. Гарадзенская абласная бібліятэка носіць імя Карскага. Адной з вуліц Гародні нададзена яго імя. У 1964 годзе ў Лашы быў створаны музей, які пазней зачыніўся. У Гарадзенскай гімназіі № 1 створаны музей Карскага. 30.10.2019 у вёсцы Мігова адкрыты і асвечаны памятны знак – камень з шыльдай у гонар акадэміка.

Беларускае Радыё Рацыя