Ператрус у дзень народзінаў



Нягледзячы на выходны дзень, у першую нядзелю новага, 2021-га года міліцыя прыйшла ў кватэру да Валянціны Крыштопенка, жыхаркі аграгарадка Акцябрская. На спадарыню Валянціну, інваліда 1-й групы, склалі ўжо 3-ці адміністрацыйны пратакол за парушэнне артыкула 23.34 КаАП.

Дагэтуль яе двойчы каралі за ўдзел у мірных шэсцях на івалідным вазку, а гэтым разам склалі пратакол за правядзенне аднаасобнага пікета, тлумачыць Валянціна Крыштопенка:

– Намалявала плакат, цытата з Бібліі: “Когда господствует нечестівый, народ стенает”. Сфатаграфавалася з ім насупраць царквы. Потым пайшлі гуляць далей і ўбачылі міліцэйскую машыну. Сфатаграфаваліся насупраць яе. І вось яны прыйшлі і расцанілі гэта як адзіночны пікет.

Паводле гаспадыні кватэры, спачатку міліцыянты абвясцілі, што прыйшлі рабіць ператрус. Потым сказалі, што зробяць агляд. Але нічога не сталі шукаць пасля таго, як спадарыня Валянціна аддала ім плакат, з якім сфатаграфавалася. З гэтых здымкаў яна зрабіла відэаролік, які міліцыянты заўважылі ў інтэрнэце. Таксама супрацоўнікі міліцыі забралі два тэлефоны: адзін з іх належыць Валянціне Крыштопенка, а другі – яе дачцы Святлане Шумаравай.

Якраз 3-га студзеня ў яе дзень народзінаў, а замест радасці атрымалася прыкрасць, кажа Святлана:

– Прыйшлі павіншаваць, так сказаць… Сказалі, што ў мамы ў тэлефоне не знайшлі тыя здымкі.Я сказала, што добра, што я пакажу ўсе свае фотаздымкі. Паказала, і там таксама нічога такога не знайшлі. Але не – сказалі, што ўсё адно забяруць мой тэлефон. У выніку давялі мяне да слёз, сапсавалі ўвесь святочны настрой, забралі мой тэлефон. І мамін тэлефон забралі.

Святлане Шумаравай сказалі, што хочуць паразмаўляць з ёй у пастарунку, але позвы не выпісалі. Што да тэлефонаў, то ў віцебскай міліцыі ёсць нядаўняя завядзёнка – забіраць ва ўладальнікаў гаджэты ў заклад, абяцаючы вярнуць іх пасля выплаты штрафаў. Хаця не тое што штрафаў – нават судоў над жыхаркамі аграгарадка Акцябрская яшчэ не было.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск