Сёлета Белавежскі нацыянальны парк адзначыць стагоддзе
Белавежскаму нацыянальнаму парку ў 2021 годзе спаўняецца сто гадоў. Гэта адна з перлінаў Беларусі.
Белавежская пушча падзеленая з Польшчай, у якой яна таксама мае ахоўны статус нацыянальнага парку. Дасюль застаецца пытаннем паўнаводдзя лясных рэчак Нараўка, Рудаўка, ды іншых, якія працякаюць праз мяжу. Усталяванне супраць дзікоў польскім бокам плота на мяжы, парушыла традыцыйную міграцыю жывёлаў.
Кажа кандыдат біялагічных навук Мікалай Чэркас, жыхар Белавежскай пушчы:
– Існуе плот на мяжы. І гэта замінае міграцыі жывёлам. А такая міграцыя ў тых жа самых ласёў была апісаная яшчэ ў 16 стагоддзі і праходзіла ў нас праз адзін квартал у Белавежскай пушчы. І калі ставілі такі плот, то колькасць ласёў у Беларусі значна зменшылася. І міграцыя спынілася. Гэта таксама праблема.
Дзякуючы адданай, і нават самаахвярнай працы палясоўшчыкаў, лаўцоў, іншых супрацоўнікаў Белавежскай пушчы, тэрыторыя нацыянальнага парку з 1992 па 2021 год павялічылася амаль удвая. І складае цяпер 134 тысячы гектараў. А „абсалютна запаветная зона” пушчы цяпер мае добры рэпрэзентатыўны выгляд, з’яўляецца эталонам біяразнастайнасці.
Мікалай Чэркас:
– Па адной з версіяў, Белавежа – гэта вёска на мокрым поплаве, вёска на балоце. І тое атачэнне балот, якое было вакол Белавежскай пушчы, яно было лепшым гарантам захаванасці Белавежскай пушчы, чым любая заканадаўчая база. На сённяшні дзень вельмі шмат балот мы згубілі. Гэта “ныркі” ландшафту, гэта запас вады, які паволі павінен аддавацца лясному масіву.
За апошнія гады, грамадская арганізацыя „Ахова птушак Бацькаўшчыны” аказала вялікую дапамогу ў прыросце тэрыторыі Нацыянальнага парку. Гэтак было адноўлена і далучана тысяча дзвесце гектараў балота „Дзікі Нікар”. Атрымалася далучыць да Нацыянальнага парку балота „Дзікае”.
На польскім баку Белавежскай пушчы ахоўная тэрыторыя значна меншая, каля 10 тысячаў гектараў. Але ёсць тое, чаго яшчэ на беларускім баку пушчы няма. Гэта – інстытут першасных лясоў, інстытут сысуноў, прыватныя лабараторыі, адукацыйныя цэнтры.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя