У Гародні пачалі крымінальную справу на Таццяну Кашко



У Гародні пачата яшчэ адна крымінальная справа. Яна скіравана супраць гарадзенкі Таццяны Кашко, справа паводле артыкулу 369 КК Рэспублікі Беларусь – знявага прадстаўніка ўлады. Пра гэта паведамляе „Гарадзенская вясна”.

Таццяна Кашко перад Новым годам, 30 снежня, пайшла ў аддзел вырабу пашпартоў Ленінскага РАУС забраць свой новы пашпарт. Але пашпарт падманным чынам ёй не аддалі, а супрацоўнікі ўстановы выклікалі міліцыю, якая знаходзіцца фактычна ў тым жа будынку па вуліцы Дубко. Міліцыянты правялі ператрус па месцы жыхарства Таццяны Кашко, забралі кампутар і мабільны тэлефон. У выніку Таццяну затрымалі, аформіўшы затрыманне 31 снежня, яе пратрымалі 72 гадзіны, так што Новы год жанчына сустрэла ў ізалятары. Пасля трох сутак зняволення, 3 студзеня, Кашко адпусцілі. Зараз яна застаецца ў статусе падазраванай.

Таццяну Кашко вінавацяць у тым, што ў адным з тэлеграм-каналаў яна сваім допісам абразіла аднаго з міліцыянтаў. Кашко адмовілася ад паслуг дзяржаўнага адваката і адмовілася даваць паказанні па справе, зыходзячы з артыкулу 27 Канстытуцыі. Да ўсяго прадстаўнікі следчых органаў не валодаюць беларускай мовай і не маглі звяртацца да яе па-беларуску.

Паводле артыкулу 369 Таццяне Кашко пагражаюць грамадскія працы, альбо штраф, альбо папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, альбо арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.