Больш за 100 медыкаў памерлі ад каронавірусу ў Беларусі
Доктар медыцынскіх навук Святлана Сарокіна на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала спіс медыцынскіх работнікаў, якія памерлі за час пандэміі каронавірусу COVID-19. У спісе ўжо больш за 100 імёнаў, у каментарах да паста людзі працягваюць пісаць вядомыя ім імёны загінулых медыкаў. Святлана збірала дадзеныя з красавіка 2020 года. Спіс, безумоўна, няпоўны: у ім імёны толькі тых загінулых, калегі ці родныя якіх вырашыліся агучыць інфармацыю.
У спісе ёсць вядомы неўрахірург Арнольд Смеяновіч, які правёў велізарную колькасць аперацый на адкрытым мозгу, адзін з лепшых траўматолагаў-артапедаў краіны Віктар Волкаў, галоўны пазаштатны неўрахірург Гомельскай абласной лякарні Алег Гаўрушка, галоўны патолагаанатам Гарадзенскай вобласці Міхаіл Зубрыцкі, загадчык кафедры отарыналарынгалогіі Віцебскага медуніверсітэта Уладзімір Куніцкі ды іншыя. Міністэрства здароўя Беларусі не публікавала статыстыку смерцяў ад COVID-19 сярод медработнікаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя, агулам ад пачатку эпідэміі ў Беларусі ад каронавірусу памёр 1461 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя