Любоў Сарлай: Я вельмі радая, што існуе справядлівасць



Суд Кастрычніцкага раёну Гародні ў асобе суддзі Алены Тоўсцік-Самойлы прыпыніў справу над грамадскай актывісткай Любоўю Сарлай з-за мінуласці тэрмінаў даўніны справы.

Міліцыя спрабавала скласці на дзяўчыну пратаколы за здымкі ў Інстаграме, якія выстаўляліся яшчэ ў кастрычніку 2020 года.

Распавядае Любоў Сарлай:

– Я рада, што здаровы сэнс яшчэ не згублены.

РР: Вас ужо не адзін раз судзілі. Якім чынам адбываюцца гэтыя судовыя запрашэнні? Як гэта робіцца звычайна?

– У міліцыі пратакол складаюць. Апошні раз я не была азнаёмленай, я ішла і не ведала, што там будзе, што ў ім напісана, што чакаць.

Любоў Сарлай распавядае, за якія здымкі яе спрабавалі асудзіць.

– Гэтыя здымкі рабіліся ў Менску. Я стаю з дзяржаўным сцягам, з “Пагоняй”. Нічога крымінальнага.

РР: У вас у Інстаграме розныя здымкі. Толькі за гэтыя здымкі?

– Не, відаць у РАУС спадабаліся не толькі мае здымкі з “Пагоняй”, але і ўсе іншыя. Маё жыццё, маё хобі, я займаюся спортам, я сачу за сабой, хаджу ў трэнажорны зал, бегаю. Відаць, гэта ўсё спадабалася.

Любоў Сарлай спрабавалі асудзіць яшчэ ў снежні 2020 году. Тады Кастрычніцкі суд Гародні апраўдаў дзяўчыну ў сувязі з адсутнасцю ў яе дзеяннях складу злачынства, аднак міліцыя адправіла гэту справу на перагляд.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча