Ігар Барысаў: Не хочацца быць статыстычнай пагрэшнасцю



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў разважае пра тое, якіх зменаў у Канстытуцыю можна чакаць, і ці будуць яны наогул.

Ігар Барысаў: Натуральна, ніякія змены ў Канстытуцыі зараз наогул не павінны абмяркоўвацца. Таму што спачатку краіне патрэбны дэмакратычныя змены, і толькі затым – канстытуцыйныя.

Але, на мой погляд, зараз павінны найперш прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары. Чаму гэта важна? Таму што ў гэтым выпадку мы можам атрымаць легітымны парламент, які будзе прызнаны міжнароднай супольнасцю. Мы можам атрымаць новы Цэнтрвыбаркам з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. І гэта будзе тым падмуркам, на якім і будуць трымацца новыя датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.

Новы парламент і новы Цэнтрвыбаркам будуць элементамі ўстойлівасці, бо зараз гэтыя структуры настолькі сябе скампраметавалі, што ім ніхто не давярае. Усім вядома, як пры гэтым рэжыме праводзяцца рэферэндумы і выбары. Сёння беларускі рэжым за выключэннем Расеі і яшчэ некалькіх краін ніхто не прызнае.

РР: А ці магчымы дыялог у грамадстве?

Ігар Барысаў: Калі вышэйзгаданыя варыянты магчымы, то можна казаць і пра магчымы дыялог. Але зараз рэжым, відаць, хоча, каб некаторыя апазіцыйныя партыі былі прадстаўлены на Усебеларускім кангрэсе, дзе, магчыма, і будзе абмяркоўвацца новая Канстытуцыя. Каб надаць працэсу легітымнасць.

Але быць у гэтым працэсе статыстычнай пагрэшнасцю не хочацца, бо твой голас нават не ўлічаць. Гэта не тое, што называецца дыялогам з грамадствам. Дыялог – гэта, калі ёсць два супрацьлеглыя бакі, якія знаходзяцца ў роўных умовах. Тады можна пра нешта дамаўляцца. Сёння нічога гэтага няма і блізка. Ёсць толькі спроба навешаць локшыны на вушы людзям, але гэта яшчэ больш азлабляе і расчароўвае беларусаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя