Алкаеў: калі адменяць смяротнае пакаранне – гэта сігнал, што прэзідэнт гатовы сысці



У красавіку 2012 года падчас здымак дакументальнага фільма “Убыл по приговору” мы паехалі ў Берлін да Алега Алкаева – былога начальніка СІЗА № 1 Менска, аўтара кнігі “Расстрэльная каманда”. Пад кіраўніцтвам Алега Алкаева было прыведзена ў выкананне каля 150 смяротных прысудаў.

Алег Алкаеў сказаў тады:

“Смяротнае пакаранне цяпер гэта інструмент асабістай улады. І, дарэчы, калі раптам наша ўлада адменіць смяротнае пакаранне, не мараторый увядзе, а адменіць, бо мараторый – такая штука – сёння ўвёў, заўтра прыбраў, гэта не сур’ёзна. Дык вось калі адменяць смяротнае пакаранне – гэта сігнал таго, што прэзідэнт гатовы сысці ў адстаўку альбо аддаць уладу каму-небудзь. Я думаю, што будзе такі пасыл. Я ж не магу за парламент вырашаць гэтае пытанне. Але я ўжо гаварыў, што павінна быць створана ініцыятыўная група, і ад імя гэтай ініцыятыўнай групы сабраць подпісы за адмену смяротнага пакарання. Колькі іх там па Канстытуцыі – 100 тысяч? І даслаць у парламент – няхай думаюць нашы заканадаўцы. І не трэба нічога іншага. Артыкул у законе ў праве памяняць Нацыянальны сход. Няхай яны на сябе такую адказнасць возьмуць – альбо “так”, альбо “не”. Але яны ўжо будуць абавязаны гэта зрабіць. А пазасудовыя расправы цяжкім “цяжарам” ляжаць на ўладзе. Гэта іх адзіная слабая кропка. Каб мэтанакіравана па ёй працаваць вялікай колькасці людзей, прынамсі, пытанні задаваць, пачынаючы з участковага, дзе тэрытарыяльна знік Захаранка, напрыклад. А ён спытае ў свайго начальніка: “Знік? Знік, а давайце будзем шукаць”. Недзе справа ляжыць, мы гэта разумеем. А якія па ёй дзеянні праводзяцца? Гэта пытанне і журналісцкае, і праваабарончае. Калі ў адну кропку біць, абавязкова будзе вынік”.

З Алегам Алкаевым мы сустрэліся ў “рускім раёне” Берліна ў будынку гандлёвага цэнтра, салоне, дзе прадаецца кухонная мэбля. Гэта тое месца, дзе працуе былы начальнік СІЗА № 1 пасля таго, як у 2001 г. выкрыў таямніцу выкарыстання расстрэльнага пісталета ў пазасудовых пакараннях апанентаў улады і пакінуў Менск.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ