Наталля Ларыёнава: Сына затрымалі амаль на месяц



Гарадзенка Наталля Ларыёнава амаль месяц чакала сына, якога невядомыя затрымалі ў Менску на выхадзе з кавярні.

Пра гісторыю з сынам распавядае Наталля:

– Не сказалі, які гэта артыкул, проста сказалі, што за правапарушэнне ён затрыманы. Я так зразумела, што не за крымінальнае. Трэба было неяк шукаць, у якім судзе і калі ён будзе. У сына на працы была заключана яшчэ ў жніўні-верасні дамова з адвакатам на выпадак, калі кагосьці затрымаюць. Звязваліся з адвакатам, адвакат даведваўся, дзе будзе суд, калі будзе суд.

Суд, па словах жанчыны, адбываўся ў даволі дзіўным фармаце:

– Іх затрымалі ў 18.30 і паседжанне было ўжо пасля 18-й гадзіны вечара. Таму што сыходзілі 72 гадзіны і трэба было яго выпускаць. То бок суд разглядаў справу пасля сканчэння свайго працоўнага дня. Чамусьці доўга не прызначалі час. Не зразумела чаму. Не было ніякай інфармацыі. Суд праходзіў у такім фармаце: суддзя сядзіць перад кампутарам, бачыць затрыманага, яго больш ніхто не бачыць, толькі чуюць яго голас.

Адбываць пакаранне яе сына адвезлі ў Баранавічы, дзе на закрытым паседжанні суда “дадалі” яшчэ 15 сутак за ўдзел у менскай акцыі пратэсту, на якой яе сын не быў.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча