Штраф за сцяг – на шэсці і на скульптуры мядзведзя
У судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска разбіралі адміністрацыйную справу 66-гадовага пенсіянера, інваліда 2-й групы Чэслава Салодкага, у мінулым – вайсковага юрыста.
Справу распачалі паводле артыкула 23.34 КаАП на падставе затрымання 17 снежня: міліцыянты вырашылі, што ён у кампаніі з яшчэ трыма жанчынамі прымацаваў бел-чырвона-белы сцяг да дэкаратыўнай скульптуры мядзведзя, усталяванай на газоне. Відавочцаў гэтага інцыдэнту не знайшлося, але спадара Чэслава і яшчэ траіх жанчын забралі ў міліцыю, дзе яго ідэнтыфікавалі як удзельніка маршу пенсіянераў, што адбыўся напярэдадні, 16 снежня. Таго, што ён прайшоўся пад нацыянальным сцягам, Чэслаў Салодкі не хавае:
– Для мяне бел-чырвона-белы сцяг – гэта святыня. Я прымаў пад ім прысягу, паважаю яго. Я хацеў адчуць пачуцці маёй маладосці – прайшоў пад ім хоць 5 крокаў. Тое, што сцяг патрымаў, я гэта прызнаю, і не шкадую ні пра што! Ён душу мне грэе, і жыве Беларусь заўсёды!
Другое абвінавачанне Чэслаў Салодкі лічыць беспадстаўным: ён нават не заўважыў сцяга на вулічнай скульптуры, і даведаўся пра яго толькі ў пастарунку. Затрыманне пасярод вуліцы скончылася для яго гіпертанічным крызам: дзядулю, які перасоўваецца з кіёчкам, гвалтам упіхнулі ў міліцэйскую машыну. А ўжо ў пастарунку давялося выклікаць хуткую дапамогу, распавёў сын спадара Чэслава, Дзмітрый Салодкі:
– Чалавек – інвалід, заслужаны, афіцэр гэтай краіны, гонар якой ён некалі абараняў.Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. А з яго проста здзекаваліся. Я прысутнічаў, калі яго прывезлі ў абласны шпіталь. Па словах медыкаў, у яго мова аднялася яшчэ ў пастарунку, ён не мог даваць ніякіх тлумачэнняў, быў у вельмі цяжкім стане.
Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў Чэслава Салодкага вінаватым паводле абодвух міліцэйскіх пратаколаў і аштрафаваў пенсіянера, якому ў лютым споўніцца 67 гадоў, на 12 базавых велічынь (348 рублёў). Віцебскія праваабаронцы прапанавалі Чэславу Салодкаму дапамогу, каб абскардзіць судовую пастанову.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск