Лукашэнка знайшоў замену Парку высокіх тэхналогій
Інавацыйны цэнтр завода „Гарызонт” — гэта добрая альтэрнатыва Парку высокіх тэхналогій. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас паездкі на прадпрыемства.
Як перадае БЕЛТА, у інавацыйным цэнтры „Гарызонта” IT-спецыялісты ствараюць уласную прадукцыю, робячы завод сучаснай прадуктовай кампаніяй. Лукашэнка кажа, што ў Парка высокіх тэхналогій з’явілася канкурэнцыя і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і на вытворчых прадпрыемствах.
„Патрэбная была ў краіне альтэрнатыва, і вы з’яўляецеся добрай альтэрнатывай”, — заявіў ён.
Пасля жнівеньскіх падзеяў многія IT-кампаніі ў Беларусі задумаліся пра рэлакейт. І прычынай сталі не толькі палітычныя падзеі, але і банальнае адключэнне інтэрнэту, якім займаўся дзяржаўны манапаліст „Белтэлекам”. У дадатак да гэтага, з 1 студзеня 2021 года для работнікаў IT-кампаній ПВТ адмянілі льготныя падаткі, спаслаўшыся на барацьбу з каронавірусам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by