На Берасцейшчыне не спыняецца судовы канвеер
На Берасцейшчыне не спыняецца судовы канвеер. На студзень запланаваны цэлы шэраг разглядаў крымінальных справаў у адносінах да ўдзельнікаў акцый пратэстаў:
У адносінах да дзесяці жыхароў Берасця пракуратура накіравала ў суд так званую карагодную справу. У статусе падазраваных ці абвінавачваемых яшчэ знаходзіцца 46 чалавек. Дзеянні кваліфікуюцца па частцы першай артыкулу 342 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — а менавіта дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Таксама стала вядома пра суд над дзяўчынай, што нібыта ўжыла гвалт у адносінах да сілавіка — ёй пагражае да шасці гадоў зняволення.
Дадаткова сталі вядомыя артыкулы крымінальнага кодэксу, згодна якіх вінавацяць берасцейскую грамадскую дзяячку Паліну Шарэнду-Панасюк. Гэта артыкулы 188-ы і 369-ы — паклёп і абраза. Актывістка дагэтуль знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце