У менскіх дварах затрыманыя дзясяткі людзей
Увечары 5 студзеня адбыліся затрыманні грамадзян у дварах менскіх мікрараёнаў. Дакладнай інфармацыі аб колькасці затрыманых пакуль няма.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” паведамляе аб 10 затрыманых ва Уруччы і Новай Баравой падчас сустрэч суседзяў. Валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых” апублікаваў дадзеныя 18 затрыманых у розных раёнах сталіцы. Паведамляецца, што толькі ў Першамайскім РУУС знаходзіцца каля 20 затрыманых.
У папулярных тэлеграм-каналах апублікаваны запіс з камеры відэаназірання ў Новай Баравой, на якім невядомы ў цывільным утрымлівае жанчыну, а калі мужчына, які знаходзіцца побач, спрабуе за яе заступіцца, наносіць удар нагой у жывот і накіроўвае ў яго бок пісталет.
Мяркуючы па відэаматэрыялах, размешчаных у тэлеграм-каналах, сустрэчы прыхільнікаў перамен прайшлі ўвечары таксама на тэрыторыі жылога комплексу „Маяк Мінска”, у мікрараёнах Грушаўка і Лошыца. Лакальныя шэсці адбыліся ў Сцяпянцы і Масюкоўшчыне.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская асудзіла затрыманні ўдзельнікаў дваровых акцый. „У Беларусі цяпер адны і тыя ж людзі аддаюць загады біць і затрымліваць людзей у іх уласных дварах і плануюць сходы, якія называюць усебеларускімі і народнымі”, — адзначаецца ў заяве палітыка, распаўсюджанай яе прэс-службай.
На думку Ціханоўскай, той, хто дазваляе сабе біць беларуса, не мае ніякага права прадстаўляць яго інтарэсы. „Мы не перавернем ніякую старонку пасля таго, як у родных раёнах нам пагражаюць зброяй. Мы будзем стаяць на сваім, пакуль не пабудуем тую краіну і ўладу, якую заслугоўваем”, — падкрэсліла яна.
4 студзеня генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што яго ведамства мае намер заняцца спыненнем дваровых акцый пратэсту. У праграме „Размова ў прэзідэнта” на тэлеканале „Беларусь 1” ён адзначыў, што „сітуацыя на вуліцах сталіцы і іншых гарадоў абсалютна стабільная, спакойная, але гэта не значыць, што праваахоўнікі і пракуроры павінны нейкім чынам аслабіць сваю дзейнасць або самазаспакоіцца”.
„Для сябе паставілі і яшчэ шэраг задач, якія таксама неабходна выконваць у гэтым кантэксце. У прыватнасці, гэта пытанні, звязаныя з выяўленнем і спыненнем так званых фактаў дваровых пратэстных акцый”, — сказаў генпракурор.
На думку Шведа, большасць лакальных акцый „ажыццяўляецца за грошы замежных спонсараў”.