Адзначэнне Раства ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі



Надыходзячы дзень Раства паводле Юліянскага календару для праваслаўных Беларусі накладае абмежаванні, як у часе піліпаўскага посту, гэтак і на само свята. Эпідэміялагічная сітуацыя не дазваляе шмат якія чыны вернікаў. „Але свята дае надзею і пераасэнсаванне свайго быту і жыцця для кожнага,” – кажа протаіерэй Свята-Пакроўскага сабору Гародні Георгі Рой.

– Аб’ектыўна зараз няма такой магчымасці як у мінулыя гады збірацца, разам перажываць гэты пост, супольна рыхтавацца да свята Нараджэння Хрыстова. Мы вымушаны абмяжоўваць гэтыя кантакты. І гэта правільна. І гэта таксама адно з такіх выпрабаванняў, бо мы крышку прызвычаіліся да святкаванняў, заўсёды нам гэта давалася лёгка. Можа мы перасталі цаніць тое, што мы мелі.

Плануецца, што колькасць літургіяў у святочны перыяд павялічыцца ў храмах Гародні з разлікам, каб вернікі з’яўляліся меншымі групамі. Таксама будзе наладжана трансляванне набажэнстваў праз інтэрнэт.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя