Георгі Рой: Варта верыць Хрысту



Свята Раства Хрыстовага ў масках і з большай колькасцю набажэнстваў з захаваннем дыстанцыі. Такія правілы існуюць у Праваслаўнай Царкве ў Беларусі.

Пра тое, з якімі выклікамі сустракае свята праваслаўная царква ды, а ў прыватнасці прыход Свята-Пакроўскага сабору Гародні, кажа „Госць Рацыі” айцец Георгі Рой:

– Я думаю, што калі ўважліва паглядзець на гісторыю Хрыстовага нараджэння, якую цяпер можа больш пераўтварылі ў такую добрую казачку, то калі мы глядзім усё ж такі пільна і спрабуем зразумець, што тады было, то гэта таксама можна сказаць такая трагічная гісторыя. Не простая гісторыя гэтай святой сям’і і нараджэння збаўцы свету, бо цяжка было б паверыць камусьці, што збаўца свету, той каго чакалі тысячагоддзямі, не знайшоў месца ў чалавечым доме, а нарадзіўся ў хляве, у пячоры, дзе стаяла дамашняя жывёла. Адразу пасля нараджэння Ірад пачаў шукаць нованароджанага, спрабаваў забіць, што пралілася кроў мноства нявінных немаўлят у Віфлееме, што былі ўцёкі, была пагоня. Вось гэтая гісторыя вучыць нас правільна адносіцца да ўсіх тых выпрабаванняў, якія мы спатыкаем на нашым жыццёвым шляху, асабістым і на нашым гістарычным шляху, як народа. Мне здаецца, што гэтая няпростая, трагічная можна сказаць, гісторыя нараджэння Хрыстовага, яна дае вялікую надзею, як бы цяжка нам не было, якія б хвалі на нас не абрынуліся. Гасподзь паказвае, што ён з намі ва ўсіх гэтых выпрабаваннях, што менавіта ў такія складаныя часы і нараджаецца сапраўдная надзея, нараджаецца сапраўдная вера ў тое, што Гасподзь пераможа, што Божая праўда будзе святлом для ўсіх народаў зямлі, для кожнага з нас. Таму я і сабе кажу, што не варта адчайвацца ад усіх гэтых выпрабаванняў. Варта верыць Хрысту, варта верыць у тое, што яго святая праўда заззяе нам святлом Віфлеемскай зоркі. 

Цалкам гутарку слухайце з далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя