Кандыдата гістарычных навук і дацэнта ПДУ з Наваполацку асудзілі на 15 сутак



5 студзеня ў Наваполацку асудзілі на 15 сутак дацэнта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктара Якубава. 6 студзеня яго забралі адбываць тэрмін.

Як распавялі gorod214.by блізкія выкладчыка, суд над ім прайшоў у аўторак. Мужчыну абвінавачвалі ва ўдзеле ў ланцугу салідарнасці 20 снежня. Першы суд адбыўся 23 снежня, але тады справу адправілі на дапрацоўку, а навапалачаніна вызвалілі.

Сам Віктар Якубаў казаў, што доказаў яго ўдзелу ў акцыі быць не можа, бо ён не прымаў у ёй удзелу. Ён збіраўся абскардзіць пастанову суда ад 5 студзеня.

Як ужо паведамлялася раней, 20 снежня ў Наваполацку затрымалі двух мужчын пасля дзіцячага свята каля гарадской елкі на плошчы Будаўнікоў. Аднаго з іх – Дзеда Мароза – пазней адпусцілі, а дацэнта ПДУ пакінулі ў ГАУС.