Жанна Загжэцкая: Тры з паловай гады нізашто
У Беларусі за кратамі знаходзяцца многія з ліку ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Усе яны асуджаныя па розных артыкулах Крымінальнага Кодэксу РБ, аднак толькі некалькі соцень з іх прызнаныя палітзняволенымі. Сярод непрызнаных палітзняволеным адзін з берасцейцаў, які 9 жніўня ў вечар пасля выбараў выйшаў на пратэст.
„Госць Рацыі” Жанна Загжэцкая, маці асуджанага пратэстоўца Аляксандра Бабіча, які засуджаны да 3 з паловай гадоў па артыкуле 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ОУС):
– Гэта быў панядзелак, мы з мужам чакалі яго тут у нас на МОПРа. Мы павінны былі ехаць дапамагаць на лецішча. Мы глядзім па часе, што 11 гадзін, а ён не тэлефануе. Я адразу насцярожылася, давай тэлефанаваць, ён быў проста недаступны, адключаны. Я кажу: „Саша, усё, я еду на Усход, там штосьці здарылася!”. Я хутка апранаюся, у мяне рукі трасуцца проста. Тут тэлефанаванне на тэлефон мне: „Гэта адвакат са Следчага камітэта”. Я так адразу: „А чаго вы мне тэлефануеце?” „Вы хочаце мяне выслухаць?” Я ўжо так спынілася, бо ў мяне было вельмі многа эмоцый: чаму, што як гэта? Яны мне кажуць: „Мы вашага сына затрымалі, вядзём следчыя справы. „Мы будзем разбірацца, запісвайце дадзеныя” Я проста заікацца стала. Я цяпер прыгадваю гэта ўсё ў мяне і тое нейкія дрыжыкі ідуць. Для мяне гэта як прорва была, здавалася, што я штосьці губляю. Мы з Сашам заўсёды былі злучаныя невідочнай нітачкай. Я магла доўга яго не чуць, хаця мы ўжо як два гады ў розных раёнах – ён на ўсходзе, мы ў цэнтры з мужам жывём. Мне заўсёды трэба было чуць ягоны голас, ведаць дзе ён знаходзіцца, на працы – добра, увечары на прабежцы – добра. А тут яго няма. Мы пасля адразу пачалі тэлефанаваць сябрам, шукаць, як, што, дзе.
РР: Ці адчувалася нейкая салідарнасць пасля затрымання вашага сына?
– Так, вельмі канешне адчувалася падтрымка. На пачатку адгукнулася больш чужых людзей. Свае родныя крыху пазней далучыліся да падтрымкі. Цяпер падтрымліваюць, перажываюць, была падтрымка. Мы нават з мамамі аб’ядналіся з такімі ж, у якіх такое ж гора. Сустрэчы ад „Вясны” былі, псіхолагі з намі працавалі. Яны з намі размаўлялі, каб мы не адчувалі, што нашы дзеці злачынцы, а наадварот, нашы дзеці – гэта залатая ячэйка нашай адроджанай нацыі. Наша моладзь вельмі разумная, яна вартая лепшага прэзідэнта. Бязмежжа творыцца ў нашым правасуддзі. Правасуддзе на дадзены момант падтрымлівае тую сістэму, якая яшчэ трымаецца „пасінеўшымі пальцамі за свой фатэль”. Яны не думаюць, што гэта ў адну гадзіну можа сысці. Як яны будуць адказваць за свае ўчынкі?. Калі б ён сябе не абараніў, то магчыма ён быў бы ў чарговай спартовай залі, дзе збівалі гэтых хлопцаў. Ён проста сябе абараніў, каб не стаць інвалідам. У той вечар 9-га чысла неабыякавыя людзі выйшлі, бо ў іх быў крык душы, што несправядліва. У кожнай сям’і спытай: „За каго ты галасаваў?”, „А ты за каго?”. І ўжо адразу вызначыш, што асноўная маса ішла супраць супраць нелегітымнага прэзідэнта. Яны проста выйшлі абараніць свой голас і паказаць, што мы нязгодныя. Калі там недзе нейкая штурханіна была з міліцыянтамі, то гэта была абарона, каб яго не збілі. Я лічу толькі так.
РР: Як ён сябе адчувае, пра што піша, можа штосьці просіць, каб перадалі?
– Канешне перажывае, бо гэта выкраслены час з яго жыцця. Ён марыў пра многае, пра свае дасягненні, пра далейшыя свае справы. На дадзены момант у іх там не хапае палітычнай інфармацыі. Гэты недахоп іх больш ставіць у тупік, яны не ведаюць, што адбываецца тут. Калі перапісваеш у лістах НEXTA ці іншы канал, які піша праўду, перапісваеш такую палітычную зводку, то ён вельмі ўдзячны. У наступным лісце піша: „Мамуля, дзякуй табе за такі добры ліст! Гэта як глыток свабоды з таго, боку. Мы нічога не ведаем, але трымаемся”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце