Віктар Стукаў: На „Полацк-Шкловалакно” пачаліся скарачэнні, і яны – не апошнія



Напрыканцы мінулага году было абвешчана, што з 31-га студзеня страцяць працу 100 работнікаў цэха №7. У афіцыйных папярэджаннях, якія атрымалі людзі, ёсць абяцанне ўладкаваць іх на працу ў іншыя структурныя адзінкі прадпрыемства, але на афіцыйным сайце ёсць спіс усяго з 30-ці вакансій, але на іншыя спецыяльнасці і з ніжэйшымі заробкамі.

Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюза беларускага на ААТ “Полацк-Шкловалакно”, зазначае, што ў цэху №7 да 2023-го году закансервавалі плавільную печку. На ягоную думку, скарачэнні работнікаў 7-га цэху пацягнуць за сабой і наступныя звальненні:

-Калі 7-мы цэх, які знаходзіцца на першым этапе вытворчага цыклу, не будзе выпускаць належную колькасць шкловалакна, то наступныя цэхі, дзе ткуць шкловалакно, і 8-мы, і 9-ты цэхі таксама пацерпяць.

Работнікі, якіх папярэдзілі пра звальненне, спрабавалі скардзіцца ў галіновы прафсаюз ды іншыя рэспубліканскія інстанцыі. Але іх звароты зноўку вярнуліся на прадпрыемства, дзе незадаволеных толькі папракнулі за памкненне вырашыць праблему “зверху”. І нягледзячы на тое, што ААТ “Полацк-Шкловалакно” – найбуйнейшае прадпрыемства ў горадзе, мясцовыя ўлады таксама застаюцца ў баку ад праблемы. Паводле Віктара Стукава, каб колькасць скарочаных склала 5%, то ўлады мусілі б стварыць новыя рабочыя месцы, але зараз страцяць працу ўсяго каля 2%, і яны мусяць самі паклапаціцца пра сваё працаўладкаванне.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск