У Расеі затрымалі сябра страйкаму „Беларуськалія”
Салігорскі страйковец Андрэй Прылуцкі змешчаны ў ізалятар. У Санкт-Пецярбургу па запыце з Менску затрымалі і змясцілі ў СІЗА сябра страйкама „Беларуськалія”. У Беларусі Прылуцкага абвінавачваюць у гвалце супраць міліцыянта. Пра гэта паведамляе „Медиазона” са спасылкай на адваката затрыманага Андрэя Федаркова.
За час паслявыбарчых пратэстаў Прылуцкі ўжо адбыў палову з прызначанага судом 15-суткавага адміністрацыйнага арышту за інцыдэнт 9 жніўня. Паводле слоў адваката, тады Прылуцкі заўважыў на вуліцы Салігорска групу людзей у масках, якія збівалі пажылога мужчыну. Прылуцкі падбег да іх і засланіў сабой ахвяру — у адказ яго збілі і затрымалі.
У лістападзе да яго зноў праявілі цікавасць сілавікі: яго пачалі выклікаць на допыты. 7 снежня Прылуцкі далучыўся да страйкавага камітэта „Беларуськалія”. Затым ён з’ехаў у Расею і не ведаў, што яму завочна змянілі меру стрымання.
Прылуцкага затрымалі ў пецярбургскім аэрапорце „Пулкава” і змясцілі ў следчы ізалятар. 30 снежня суд задаволіў хадайніцтва аб арышце да 6 лютага ў рамках працэдуры экстрадыцыі. У выпадку экстрадыцыі ў Беларусь Андрэю Прылуцкаму можа пагражаць да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Беларускае Радыё Рацыя