Лукашэнка: Праект новай Канстытуцыі можа быць гатовы да канца 2021 года
Праект новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь можа быць гатовы да канца 2021 года, паведаміў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю журналістцы тэлеканала „Россия-1” Наілі Аскер-задэ. Лёс новай Канстытуцыі людзі вырашаць на рэферэндуме, дадаў ён.
Інтэрв’ю выйдзе ў эфір сёння ўвечары, але расейскія СМІ ўжо публікуюць яго фрагменты.
Лукашэнка таксама заявіў, інтэграцыя Расіі і Беларусі павінна быць больш цеснай. „Нам трэба інтэгравацца ў эканоміцы, у людзях і гэтак далей, абсалютна нічому не перашкаджаць, — цытуе Лукашэнку ТАСС. — Тым больш да Расіі нам трэба, наадварот, бліжэй быць, і тады і палітычныя пытанні пойдуць. А калі людзі бачаць, што мы цялёпкаемся трыццаць гадоў на адным месцы ў будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, яны слушна задаюць пытанне: а чаму?”.
Паводле слоў Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што ні ў Беларусі, ні ў Расеі няма больш цесных адносін з іншымі краінамі, чым адна з адной, ёсць і істотныя недахопы ў адносінах. У прыватнасці, ён указаў на неабходнасць стварэння роўных умоў для людзей і суб’ектаў гаспадарання ў рамках Саюзнай дзяржавы. „Гэта прапісана ва ўсіх дакументах і ў дамове. Калі будуць роўныя ўмовы, мы можам значна і хутка рушыць наперад. Але пакуль няма роўных умоў, і гэта вялікі-вялікі недахоп у нашым саюзным будаўніцтве”, — сказаў Лукашэнка.
Ён заўважыў, што цана на расейскі газ для Беларусі „магла б быць больш справядлівай”. Аднак ініцыяваць абмеркаванне гэтага пытання з прэзідэнтам Расеі Лукашэнка не мае намеру.
Непрызнанне Захадам вынікаў прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнку не перашкаджае. „Абсалютна не, мы выбары праводзілі, як і Расія, дарэчы, як і любая іншая дзяржава, для Беларусі. Гэта — наша ўнутраная справа. Вядома, не вельмі гэта прыемна, калі шчыра, але ўжо так, каб гэта мяне забівала, — абсалютна не”, — падкрэсліў ён.