Фазель: Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі адрозніваецца ад 2014 года (абноўлена)
Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі адрозніваецца ад той, якая складвалася ў 2014 годзе, заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Рэне Фазель Аляксандру Лукашэнку 11 студзеня. На сустрэчы абмяркоўвалася правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, якое цяпер пад пытаннем.
„Мы вельмі рады прысутнічаць сёння, каб абгаварыць гэтую сітуацыю. Сітуацыя трохі адрозніваецца ад той, што была ў 2014 годзе. Вы памятаеце, што ў 2014-м таксама быў націск, але мы прыехалі і разам арганізавалі выдатны чэмпіянат. Сітуацыя трохі змянілася. Калі ў Беларусі пачаліся праблемы, на нас аказваецца вельмі вялікі націск”, — прыводзіць словы Фазеля прэс-служба Лукашэнкі.
Пры гэтым прэзідэнт IIHF падкрэсліў, што ў федэрацыі „выразная пазіцыя”. „Як вы сказалі, мы не хочам змешваць спорт і палітыку. І спорт павінен аб’ядноўваць народы, а не раз’ядноўваць”, — сказаў ён.
Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што ў Беларусі няма і не будзе ніякай небяспекі „ні па каронавірусе, ні з пункту гледжання палітычнай бяспекі або фізічнай бяспекі людзей, якія жывуць тут і прыязджаюць да нас як госці”. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць чэмпіянат, нават калі Латвія адмовіцца ўдзельнічаць у мерапрыемстве як суарганізатар.
* * *
У Менск прыбыў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель. У цяперашні час ён сустракаецца ў Палацы Незалежнасці з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў тэлеграм-канал „Пул Першага”.
Мяркуючы па ўсім, падчас сустрэчы абмяркоўваецца пытанне правядзення ў Менску матчаў чэмпіянату свету па хакеі.
Чэмпіянат павінен прайсці ў маі-чэрвені ў Менску і Рызе. З заклікам адмяніць матчы ў беларускай сталіцы ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека пасля прэзідэнцкіх выбараў выступіў 17 верасня Еўрапейскі парламент. Зараз гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца палітыкамі і спартыўнымі функцыянерамі ў сямі краінах-удзельніцах: Германіі, Даніі, Нарвегіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі і краіне-суарганізатары Латвіі. Вядома, што супраць правядзення чэмпіянату ў Беларусі выступаюць гульцы некаторых зборных.
У інтэрв’ю тэлеканалу „Россия 1”, паказаным 10 студзеня, Лукашэнка заявіў, што не бачыць падстаў для пераносу матчаў чэмпіянату з Менска. „Падстаў для таго, каб ён [ЧС-2021 па хакеі] не прайшоў, на міліметр нават няма. Гэта будзе ганьба поўная. Мы гатовыя хоць заўтра праводзіць чэмпіянат свету”, — сказаў ён.
5 студзеня Рэне Фазель паведаміў журналістам, што рашэнне па правядзенні гульняў у Беларусі будзе прынятае ў канцы студзеня на пасяджэнні савета федэрацыі. „Міжнародная федэрацыя хакея выкарыстоўвае ўсе рэсурсы, каб дакладна зразумець сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі. У нас ужо шмат было дыскусій. Цяпер нам трэба пагаварыць з урадам Беларусі і абмеркаваць сітуацыі палітычную і з каронавірусам. У канцы студзеня ў нас будзе пасяджэнне савета, на якім мы прымем рашэнне”, — сказаў ён.
Візіт Фазеля ў Менск планаваўся ў снежні, але быў адкладзены з-за таго, што ён заразіўся каронавірусам.