Аляксандр Мілінкевіч: Касцёл яны ніколі не зробяць ручным



Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч распавёў пра тое, чаму ў беларускага рэжыму своеасаблівае стаўленне да каталікоў.

 Як вядома, 3 студзеня, у дзень 75-годдзя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, Папа Рымскі Францішак прыняў яго адстаўку. Кіраўніцтва архідыяцэзіяй пакуль што пераходзіць да Генеральнага вікарыя Пінскай Рымска-каталіцкай епархіі, біскупа Казіміра Велікасельца — ён прызначаны Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі.

Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня, калі ён вяртаўся з Польшчы. Лукашэнка, каментуючы гэтую сітуацыю, заявіў, што мітрапаліт «ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну».

22 снежня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Лукашэнка даручыў знайсці вырашэнне сітуацыі. У той жа дзень пасольства Ватыкана атрымала інфармацыю аб адсутнасці перашкод для вяртання ў Беларусь.

24 снежня Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь.

Аляксандр Мілінкевіч: Мне падаецца, што ў беларускага рэжыму стаўленне да каталікоў, як да людзей “не нашых”, і, відаць, адсюль выцякаюць антыкаталіцкія, антыпольскія і антыеўрапейскія комплексы.

І адсюль такая рэакцыя рэжыму на ксяндзоў і Касцёл, як на штосьці іншароднае і чужое. А ксяндзы, як і шматлікія праваслаўныя святары, усяго толькі пасля выбараў праявілі сябе мужна, па-грамадзянску, калі яны баранілі годнасць, правы чалавека і заклікалі спыніць гвалт і рэпрэсіі. Гэта вялікі гонар для рэлігійных арганізацый і іх вернікаў.

Адпаведную рэакцыю рэжыму мы таксама ўбачылі, бо ён цярпець не можа праўду. А святары проста казалі тое, што думаюць, і пра што кажа Святое пісанне.

РР: 31 жніўня Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі з Польшчы ў Беларусь…

Аляксандр Мілінкевіч: Такая сітуацыя – поўны нонсэнс, бо гэта – парушэнне ўсіх нормаў беларускага і міжнароднага заканадаўства. Але ж у нас некаторыя дзеячы кажуць, што зараз у краіне “не да законаў”, таму нічога не паробіш – у такім свеце жывём.

РР: Тадэвуш Кандрусевіч папрасіўся ў адстаўку, афіцыйны Менск, магчыма, гэта задаволіла. Але ці ўдасца ўладам зрабіць Касцёл, што называецца, ручным?

Аляксандр Мілінкевіч: Ніколі не ўдасца, бо Касцёл заклікае да каштоўнасцей, на якіх аб’ядналася Еўропа. Увогуле, у рэжыма не атрымаецца нічога змяніць. Людзі разумеюць, што павінны абараняць і сябе, і дзяцей, і сваю будучыню, і маральныя прынцыпы. Гэта ўжо не зламаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя