Мара пра снег…
Шмат нягодаў было ў беларусаў (і дэфіцыт сонца не дадаваў аптымізму!), але надарылася радасць нечаканая – снег! Новы год, Каляды і снег – цудоўнае спалучэнне на зімовых вакацыях.
Адразу і не скажаш, хто найболей узрадаваўся такому сюрпрызу і раскупіў усе санкі і цюбінгі ў ваколіцах (дзеці? дарослыя?), але хто засмуціўся, дык гэта камунальнікі. У прыватнасці, Смаргоншчына не была гатовая ды сустрэчы з сапраўднай зімой… Вось да прыгожых снежных фотасэсій – так! Складваецца ўражанне, што ўсе беларусы ў навагоднюю ноч загадалі адно жаданне, але хтосьці там, зверху, вырашыў адкласці яго да вясны і парадаваць нас снегам. То бок прадмет мараў замянілі на іншы, пакінуўшы ў сіле інтэнсіўнасць задуманага беларусамі.
І пасля снежна-марозных шпацыраў (а пад канец першага працоўнага тыдня сіноптыкі ўвогуле паабяцалі 25 градусаў марозу!) цалкам апраўданае жаданне многіх людзей – занурыцца ў свой свет з дзецьмі, катамі і кнігамі. Прыткнуццца кудысьці да печы, каміна, цёплай батэрэі… Захінуцца ў плед і жыць у іншай рэальнасці. Апошнім часам з’явілася шмат новых казачных гісторый. Адна з іх – кніга пра незвычаную дзяўчынку Марту. Марта загадала паболей снегу, калі снежань стаміў слотай і брудам, лужынамі. Снег пайшоў і ўжо не мог спыніцца. Пісьменніца Ганна Янкута напісала яшчэ адну цікавую гісторыю для дзяцей.
“Марта і яе мара пра снег” – гісторыя пра дзяўчынку, якая была неасцярожная ў сваіх жаданнях і загадала паболей снегу… Працяг мы ведаем. Але ўсё скончылася добра. Гэта гісторыя пра мары, фізічныя абмежаванні, сапраўднае сяброўства, цуды і дабрыню. Яшчэ адна кніга, якая змагаецца з дэфіцытам дзіцячай літаратуры ў нашай краіне, а гэта значна горш за дэфіцыт снегу і сонца. Усе мы родам з дзяцінства. І вельмі важна, каб у беларускіх дзетак былі свае казачныя героі: дзяўчынка Марта, срэбная бабулька, якая лётае на сваёй кульбе над горадам, і галубы, што могуць размаўляць. Горад, дрэвы, людзі… Вятры і снягі.
І шыкоўныя малюнкі мастачкі Ліліі Давыдоўскай. Выдавецтва “Папуры”. Не прапусціце.