Пра працу камунальнікаў



Вам падаецца, што ў вас кепска прыбіраюць снег? Вы хацелі б, каб камунальнікі працавалі лепей? Цяпер ёсць выйсце. Напішыце слова “Жыве”, альбо пафарбуйце снег у чырвоны колер – і вуаля. Нават тэлефанаваць не давядзецца. Камунальнікі прыедуць хутчэй, чым вы дап’еце кубак кавы.

У Менску ў гэтыя дні нападала шмат снегу. У многіх дварах проста не прайсці і не праехаць. Але ў адным з раёнаў Менска камунальнікі прыбралі практычна ўвесь снег. Як тыя супермэны, яны прыляцелі ўмомант, каб прыбраць снег. Але не таму, што пашкадавалі мінакоў і аўтамабілістаў. А таму, што з’явіўся надпіс “Жыве Беларусь”, які, відаць, хтосьці з чыноўнікаў загадаў хуценька прыбраць. І са снегу сапраўды хуценька счысцілі надпіс “Жыве Беларусь”. А разам з надпісам прыбралі і снег.

У апошнія месяцы ўвогуле такое адчуванне, што дзяржаўныя службы мала займаюцца сваімі непасрэднымі абавязкамі. Суддзі судзяць масава па артыкуле 23.34, міліцыя затрымлівае пратэстоўцаў, Дзядоў Марозаў і ганяецца за бчб сцягамі, а камунальнікі прыбіраюць надпісы “Жыве”, белыя і чырвоныя стужкі. Добра, хоць белы і чырвоны колеры пакуль не забаранілі. І на тым, як кажуць, дзякуй.

А вось у Маладзечанскім раёне мясцовы жыхар так старанна прыбіраў снег, што пашкодзіў ажно газаправод. Можа, ён баяўся, што па газавай трубе пройдуць забароненыя лозунгі? Пасля такой прыборкі рамантаваць газаправод давялося 9 гадзін.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ