Пра вялікі спорт і дыктатуру



Спартовая супольнасць у Беларусі і свеце абмяркоўвае візіт кіраўніка Міжнароднай Федэрацыі Хакея Рэне Фазеля ў Менск, у межах якога функцыянер выпраменьваў усялякую падтрымку кіраўніку беларускай дзяржавы адносна магчымасці правядзення хакейнага Чэмпіяната свету ў 2021 годзе. У сацыяльных сетках растыражаваліся таксама сяброўскія фотаздымкі швейцарскага спецыяліста з кіраўніком Федэрацыі хакея РБ Дзмітрыем Баскавым, імя якога асацыюецца з нядаўняга часу не столькі са спартовымі дасягненнямі, колькі з рэпрэсіямі супраць прыхільнікаў пераменаў у Беларусі. У візіце высокапастаўленага чыноўніка ў Менск кідаецца ў вочы ягонае дэманстратыўнае ігнараванне палітычных рэалій у Беларусі, якая пасля так званых выбараў 2020 году па многіх паказніках адкацілася да ўзроўню самых рэпрэсіўных рэжымаў планеты сучаснасці. Фазеля не бянтэжаць ані іміджавыя наступствы пасля сустрэчы з таксічнымі асобамі, ані лёс ЧС па хакеі, над якім паўстала пагроза байкоту з боку некалькіх зборных свету.

У прыязным стаўленні Рэне Фазеля да Беларусі наўрад ці варта шукаць карупцыйны след. У адрозненне, скажам, ад ягоных калегаў з футбольнай федэрацыі ФІФА, якую ўвесь час скалынаюць скандалы з фінансавымі махінацыямі, хакейны спорт пад кіраўніцтвам Фазэля выглядае ледзьве не ўзорам празрыстасці і сумленнасці. У гэтым, несумненна, ёсць каліва яго дасягнення, але і аб’ектыўны момант, які заключаецца ў меншай папулярнасці гэтага віда спорту сярод насельніцтва Зямлі, што адбіваецца на рынку рэкламы, які саступае каляфутбольнай індустрыі.

Аднак у падтрымцы Фазеля памкненняў афіцыйнага Менску — жаданне спартовага чыноўніка зрабіць максімальна яркае і маштабнае мерапрыемства, на што, відавочна, нават заможныя краіны Захаду ісці не гатовыя па прычынах пандэміі каронавірусу і звязанага з ім эканамічнага спаду. У адрозненне ад рынкавых дэмакратый, урады якіх падлічваюць кожную капейчыну і ўвесь час думаюць пра мэтазгоднасць, аўтакратыі такімі дробязямі як шалёныя выдаткі не пераймаюцца. Апрача гэтага, нельга выключаць асабістай зачараванасці еўрапейскага чыноўніка постсавецкім правадыром, погляды і лад жыцця якога захапляюць абмежаванага рознымі рамкамі бюргера.

Зрэшты, у гісторыі былі прыклады, калі статусныя спартовыя дзеячы ў жыцці сябравалі з найгоршымі тыранамі свету. Барон П’ер дэ Кубертэн, якому належыць слава аднаўлення Алімпійскіх гульняў, шчыра захапляўся нямецкім рэйхсканцлерам Адольфам Гітлерам. Інспектуючы нацыстоўскую Нямеччыну напярэдадні Алімпійскіх гульняў у 1935 годзе, ён быў вельмі ўражаны маштабамі падрыхтоўкі, што нават збіраўся перадаць правы Трэцяму рэйху на публікацыю сваіх кніг. У гісторыі спорту можна згадаць безліч прыкладаў, калі высокапастаўленыя функцыянеры з гатовасцю супрацоўнічалі з аўтарытарнымі лідарамі. Такім чынам, нічога экстраардынарнага ў паводзінах Рэне Фазеля няма.

Улады Беларусі ўсяляк імкнуцца дабіцца правядзення хакейнага чэмпіянату ў Беларусі па адной простай прычыне. Вялікі спорт – гэта не столькі эфектыўны прапагандысцкі інструмент для ўплыву на масы ўнутры краіны, колькі імітацыя паспяховасці знешняй палітыкі. Ва ўмовах, калі на знешнепалітычным фронце няма чым пахваліцца (асабліва на фоне дасягненняў Святланы Ціханоўскай, якая размяняла трэці дзясятак сустрэч з першымі лідарамі планеты за апошнія пару месяцаў), застаецца толькі дэманстраваць дамоваздольнасць і свой уплыў, ладзячы маштабныя спартовыя мерапрыемствы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ