Прадпрымальнікі могуць аб’яднацца вакол адзінага Рэспубліканскага штабу
З прапановай стварыць адзіны штаб дзеля каардынацыі дзейнасці ў цяперашняй незразумелай сітуацыі па гандлі таварамі з трэціх краін і дакументамі на іх да розных прадпрымальніцкіх структур звярнуліся больш за 200 ІП Светлагорску. Пра гэта Рацыі паведаміў дырэктар аналітычнага цэнтру Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Анатоль Змтровіч.
Нягледзячы на некаторыя рознагалоссі ў прадпрымальніцкім асяроддзі да прапановы прыслухаліся, кажа Змітровіч:
– Ёсць прапанова аб’яднацца і стварыць адзіны Рэспубліканскі штаб. Мы зараз гэтае пытанне разглядаем з менскімі прадпрымальнікамі. Сітуацыя зараз такая, што калі Менск пахіснецца, то рэгіёны пацерпяць, як гэта ўжо было. Менск пакуль трымаецца. Людзі разумеюць, што лепш зараз крыху згубіць, чым пасля – прайграць.
Нагадаем, урад пакуль так і не прыняў абяцаныя папраўкі ва ўказ №222, які забараняе з 1 сакавіка гандаль рэштай тавару без суправаджальных дакументаў. У абяцанні чыноўнікаў, што гандляроў не будуць чапаць з праверкамі да лета, прадпрымальнікі не вераць – пакуль не будзе прыняты новы ўказ.
Беларускае Радыё Рацыя