Пецярых гарадзенцаў судзяць за падзеі ў верасні
Пецярых гарадзенцаў судзяць за падзеі ў верасні. Пацярпелыя – 11 сілавікоў.
Як распавёў 12 студзеня ў судзе абвінавачаны Уладзімір Седзянеўскі, 6 верасня, калі ў Гародні быў запланаваны чарговы мірны марш, на яго вачах трое сілавікоў выцягнулі чалавека і пачалі збіваць. Уладзімір пачуў, як нехта крыкнуў: бярыцеся за рукі, каб вас не выцягнулі. Яго і яшчэ чатырох гарадзенцаў пачалі судзіць за тое, што яны ўсталі ў счэпку і наблізіліся да шэрагу сілавікоў. Гарадзенцы тлумачаць: за рукі ўзяліся ад страху, рухаліся наперад, таму што натоўп ціснуў ззаду, а ўжываць гвалт у дачыненні да сілавікоў яны не планавалі.
Справа пачала разглядаць суддзя Ганна Леўсік. Паводле абвінавачання, пяцёра гарадзенцаў прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і не паслухаліся законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады. Гэта нібыта прывяло да парушэння працы грамадскага транспарту. Сілавікоў, якія нібыта пацярпелі, у судзе не было.